Пераўтварэння кляштара: ад базыльянаў да Дома працы

Ці ёсць у Мінску катакомбы? Па расповедам старых менчукоў – яшчэ ёсць.

Амаль уся плошча Свабоды (раней Верхні рынак) і ўвесь Верхні горад перарыты. Там знаходзяцца таямнічыя падземныя хады. Падчас апошняй вайны, таксама пасля яе, наш горад быў перарыты падземнымі тунэлямі па якім жыхары Мінска пранікалі праз масіўныя жалезныя дзверы. Яны знаходзіліся ўнутры гарадскіх двароў. І дарослыя мінчукі скідвалі ў тунэль смецце, а дзеці, з ліхтарыкамі, вывучалі ў сутарэннях загадкавыя калідоры. Зараз хады засыпаны, месцы выхадаў схаваны. Але і цяпер можна рызыкнуць ды прайсціся па тым самым катакомбам! Яны – частка шматлікіх і цікавых кляштарных комплексаў Верхняга горада. Шкада, ад іх засталіся нам толькі рэшткі. Але, адзін з такіх рэшткаў – гэта гмах былога базіліянскага кляштара.

 Сёння ў гэтым будынку праходзяць пасяджэнні прафсаюзнай арганізацыі, працуюць і іншыя грамадскія аб’яднанні. Тут жа дзейнічае рэстаран “Рэнесанс” і кавярня “Фрэскі”. Па ўсёй верагоднасці, прабіўшы падлогу кляштара, што знаходзіцца па адрасу плошча Свабоды, 23, можна патрапіць у падземную сістэму Мінска (старажытнага Менска). Сядзяць у рэстаране за шыкоўнымі столікамі заможныя госці, спрабуюць ежу і напоі, адпачываюць, але не ведаюць, што наўпрост пад нагамі ў іх старажытныя кляштарныя схованкі. Цікава ж, што там…

Хто толькі не быў гаспадаром гэтага гмаха! Манахі-базыльяне, праваслаўныя архіепіскапы, гімназісты, суддзі, чыноўнікі царскія, савецкія і постсавецкія… Зараз тут размяшчаецца офіс мінскай абласной арганізацыі прафсаюзаў. Гэты гмах адзін з вельмі нямногіх, адміністрацыйна-грамадскіх пабудоў Беларусі, які з’яўляецца цікавым помнікам архітэктуры ды гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Звычная нашаму погляду, чатырохвугольная пабудова, узнікла толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Раней, два стагоддзі да гэтага, гэта быў двухпавярховы гмах базыльянскага кляштара. Базыльянцы – адзін з уніяцкіх ордэнаў, а ўніяты, вядомыя нам, як грэка-католікі, яны былі праваслаўнымі па абрадзе, але падначальваліся Папе рымскаму і вялі ў цэрквах імшы не на стараславянскай ці лацінскай мове, а на мове беларускай.

Пры кляштары існавала школа, дзе вывучаліся грэчаская, лацінская, польская, беларуская, стараславянская мовы, працавала друкарня. У бібліятэцы кляштара было сабрана шмат кніг, рэдкіх рукапісаў, летапісаў і твораў літаратуры. А сам кляштар быў часткай комплекса менскіх базыльянскіх кляштараў. Пачалі яго ўзвядзенне ў XVI – XVII cтагоддзях, завяршылі працы ў 1650-х гадах. Канструкцыя комплекса жаночага і мужчынскага кляштара, у той час, нагадвала замкавую. У вайну яго можна было выкарыстоўваць для абароны. І частка гмаха, да сённяшняга часу, захавала рысы Рэнесансу ды планіроўку таго часу – з галерэямі, пераходамі, скляпеністымі столямі.

Побач з кляштарам – цэнтр горада. Тут жа месціцца Святадухаўская царква, якая ў мінулыя часы была галоўным уніяцкім храмам горада. Праз прыбудову да апсіды царквы, да паўночна-заходняга боку, да корпусу жаночага базыльянскага кляштара (ён цяпер з’яўляецца музычнай школай № 10 імя Е. Глебава, знаходзіцца па вуліцы Энгельса, 1), у тыя часы вёў каменны пераход. Манахі маглі ў той царкве перамяшчацца да манашак патаемнымі калідорамі. Дарэчы, царква Святога духа была пабудавана ў 1636 годзе, у стыле барока і рэнесансу. Яе фасад, у той час, быў упрыгожаны дэкаратыўнай пластыкай. Пасля ўваходжання зямлі Беларускай да Расейскай імперыі, царква стала праваслаўнай і цалкам страціла сваё першапачатковае аблічча. Неўзабаве, гэты масіўны сабор ператварыўся ў звыклую кальку храмаў расейскай правінцыі. Нічога асабліва ў яго абліччы больш не стала. Але і гэта не ўратавала храм у часы новай улады – улады бальшавікоў: у 1936 годзе Божы дом узарвалі.

Вернемся да нашага прафсаюзнага будынку, былога кляштара. Пасля таго, як гмах манастыра быў адабраны ў базыльянаў, там некаторы час знаходзілася “месца працы” праваслаўнага архіепіскапа. У 1801 годзе гмах быў перабудаваны па праекце архітэктара Федара Крамера, да яго прыбудавалі трэці паверх. Тады з’явілася крыло (сёння гэта тая частка будынка, якая выходзіць на Энгельса). І яшчэ адна прыбудова стала выходзіць на Інтэрнацыянальную вуліцу. Пасля гэтага там размясцілі ўрадавую гімназію. Мінская гімназія праіснавала да 1844 года, а пасля пажара яе перавялі ў іншае месца. Адметна, тады гімназісты, не выходзячы з будынка мелі ўсё: царкву, лекцыйныя залы, кабінеты фізікі, натуральных навук, мінералогіі і іншыя. Яны малявалі, музіцыравалі, пелі ў хоры. Імёны людзей, якія навучаліся тут, сёння ёсць гонарам Беларусі. Сярод іх – кампазітар С. Манюшка (ён жыў побач, у доме на Інтэрнацыянальнай), таксама паэт Т. Зан – удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, сябра А. Міцкевіча, таксама Б. Залесскі (мастак і пісьменнік), О. Сенкоўскі, археолаг Е. Тышкевіч, паэт Іван Неслухоўскі, які больш вядомы пад псеўданімам Янка Лучына, пісьменнік А. Левіцкі, якога мы ведаем пад псеўданімам Ядвігін Ш, сябра К. Каліноўскага, А. Трусаў, вандроўнік-даследчык Б. Дыбоўскі і іншыя.

150 гадоў таму гімназія была перабудавана архітэктарам К. Хрышчановічам. Яна стала мець сённяшнія рысы. Гарадскія ўлады вырашылі аддаць будынак “пад офісы”, як тады казалі, пад “прысутныя месцы”. Тады, у канцы ХІХ ст. – пачатку ХХ ст., там знаходзіліся ўстановы (было губернскае праўленне, Мінскае таварыства лекараў, тыпаграфія). У тым доме распрацоўваліся і друкаваліся пастановы царскіх уладаў, якія тычыліся жыцця горада і губерні, разбіраліся спрэчкі памешчыкаў і скаргі сялян. Якуб Колас таксама запомніў гэты гмах. Адсюль, з Акружнога суда, у гарадскую і губернскую турму (сёння “Валадарка”), яго адправілі адбываць турэмны тэрмін. Малады класік быў засуджаны 15 верасня 1908 года за ўдзел ў настаўніцкім сходзе. У 1919 годзе з балкона гмаха выступаў вядомы савецкі дзеяч М. Калінін, праз пяць год, у гэты доме М. Калінін сустракаўся з дэлегацыяй беларускіх сялян.

Тады дом быў вядомы, як Дом працы. Нямецка-нацысцкія захопнікі, цудам не разбурылі яго. Ёсць нават фотаздымкі часоў акупацыі. Там шыльда, на якой літары па-нямецку, назва адной установы. Некаторы час тут быў і музей Янкі Купалы. Знаёмы нам Музей Айчыннай вайны, спачатку знаходзіўся менавіта ў гэтым гмаху. Сюды супрацоўнікі новага музея прыносілі рэліквіі вайны. У 1966 годзе музей пакінуў, так бы мовіць, гэтыя святыя сцены.

…Шпацыруючы па плошчы Свабоды, з павагай звярніце ўвагу на салідны  трохпавярховы будынак, які знаток назаве “дом у стыле класіцызму” і не памыліцца. Гэтая нерухомая спадчына заслугоўвае ўвагі, без сумненняў! 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.