11 ліпеня Беларусь згубіла выбітную неардынарную творчую асобу — мастака і грамадскага дзеяча палітзняволенага Алеся Пушкіна.
Бязмерна балюча. Агідна. На душы — пустэча. Цяжка падабраць словы падтрымкі тым, для каго гэты чалавек быў дарагім. Але сёння ўсе свядомыя беларусы шчыра спачуваюць вам, і жадаюць моцы, каб пераадолець гэтую бяду і наколькі тое магчыма, упэўнена ды моцна працягнуць сваё жыццё.
Вядома, што у Алеся была прабадная язва, піша Most са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. У бальніцу ён трапіў без прытомнасці, у час аперацыі спынілася сэрца. Паводле крыніцы, на той момант у яго ўжо быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Шанцаў выжыць ужо практычна не было. Прабадная язва выклікае востры боль, таму пацыент адразу звяртаецца са скаргамі. Крыніца мяркуе, што язва ў Пушкіна магла запаліцца з-за турэмнага харчавання і неаказання медыцынскай дапамогі. Пушкіна шпіталізавалі вельмі позна.
Нагадаем, мастака Алеся Пушкіна асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў Мінскім гарадскога суда. Суддзя — Алена Шылько. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
Падставай для затрымання стаў партрэт дзеяча пасляваеннага антысавецкага падполля Яўгена Жыхара, напісаны ў 2014 годзе і ўжо экспанаваны раней.
13 ліпеня Пушкіна пахавалі ў яго родным гарадскім пасёлку Бобр, што ў Крупскім раёне Мінскай вобласці.
Боже, какое горе…