За макет менскага замчышча

By org “Альтэрнатыва” выступіла з прапановай да ўладаў абазначыць месца старажытнага замчышча на Нямізе ў Мінску, усталяваўшы на гэтым месцы макет з выявай гэтага аб’екта.

27 ліпеня 2017 г. актывісты “Альтэрнатывы” распачалі вулічны збор подпісаў у падтрымку такой ідэі. Цягам 2 месяцаў было сабрана не менш за 1000 подпісаў.

Сярод тых, хто падтрымаў дадзены зварот ёсць і вядомыя мінчукі, сярод якіх гісторык Ігар Кузняцоў, пісьменнік на гістарычную тэматыку Анатоль Тарас, гісторык і даследчык Зміцер Дрозд, гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтэса Валянціна Аксак, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, культуролаг Вадзім Мажэйка, музыка Лявон Вольскі, бард-музыка Паліна Рэспубліка, а таксама шматлікія грамадскія дзеячы. 

Паводле ідэі, макет прапаноўваецца зрабіць паводле распрацаванага плану замчышча, якое зрабілі археолагі і гісторыкі з матэрыялаў некалькіх раскопак на Нямізе, асабліва ў перыяд 1984-1985 гг., калі будавалася другая лінія метрапалітэна. Дзякуючы гэтаму, тады быў вызначаны дакладны выгляд старажытнай брамы замчышча.

“Улічваючы той факт, што ў бліжэйшы перыяд не будзе ажыццяўляцца праект адраджэння замкавага комплекса, мы лічым, што мэтазгодным і цікавым будзе ўсталяванне побач з гэтым месцам адпаведнай мініяцюры ў выглядзе макета з выявай унікальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама з інфармацыяй аб яе гісторыі. З дапамогай гэтага жыхары і госці Мінску пашыраць свае веды аб старадаўняй гісторыі і культуры нашых продкаў, таксама гэта пазітыўна паўплывае на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. За дзесяць мінулых стагоддзяў месца гарадскога замчышча стала сапраўдным скарбам, архівам гісторыі, дзе пад верхнім пластом глебы захоўвалася і яшчэ працягвае захоўвацца хроніка старажытнага Менску. Сёння вельмі важна берагчы такую спадчыну, пашыраць звесткі пра яе даўнія разнастайныя архітэктурныя і культурныя асаблівасці”, – каментуе лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.

На прапанову станоўча адказалі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта вынікае з адказу намесніка міністра Аляксандра Яцко, дзе было адзначана, што Міністэрства падтрымае гэтую прапанову пры ўмове «выканання Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Беларусі», зацверджанага пастановай Савета Міністраў № 1372 ад 19 верасня 2008 года. 

Так выглядаюць макеты замкаў у гарадах Еўропы. З гэтага можна браць прыклад:

Таксама на дадзеную прапанову прыйшоў адказ першага намесніка камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Алены Сухадолавай. У дакуменце гаворыцца, што камітэт бачыць такую ідэю цікавай, але цяжка рэалізуемай, бо неабходныя работы для стварэння такога праекта не ўключаны ў Інвестыцыйную праграму горада. Разам з тым, чыноўнікі не адмовіліся і ад рэалізацыі амбіцыйнага праекта – ажыццяўлення музеефікацыі тэрыторыі Менскага замчышча, паводле якой плануецца пабудаваць браму замчышча з музейным комплексам. З-за адсутнасці фінансавых сродкаў, такі праект плануецца рэалізаваць пасля 2020 года. Кампрамісным рашэннем бачыцца ўсталяванне макета менскага замчышча ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які плануецца пабудаваць да 2022 года.