Нядаўна я наведаў цікавы музей, які прысвечаны жыццю і творчасці кіраўніка БДТ-3, рэжысёра, акцёра, народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка.
Гэтая ўстанова з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музею гісторыі беларускага кіно і тэатра, а размяшчаецца ў Траецкім прадмесці, у будынку №14 па вул. Старавіленскай.
Дарэчы, першапачаткова, у гэтым будынку змяшчаўся Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, які быў заснаваны у 1990 годзе.
У 2001 годзе музей пераехаў у спецыяльна адрэстаўраваны для яго будынак, што ў Музычным завулку, у так званы «Дом масонаў».
А ў будынку № 14 па вул. Старавіленскай ад 2001 года размяшчаецца фондасховішча музея. Тут працуе навукова-фондавы аддзел. Для наведвальнікаў працуе пастаянная экспазіцыя «Жыццёвы і творчы шлях, першага Народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка». Тут прадстаўлены дакументы і гістарычныя пасведчанні аб жыцці і творчай дзейнасці Галубка з фондавай калекцыі музея.
У зале, на першым паверху, праходзяць разнастайныя тэматычныя выставы, вечарыны і батлеечныя інтэрмедыі (батлейка – беларускі народны тэатр лялек, спачатку, і ў асноўным, на рэлігійную тэматыку).
А, вось, лёс У. Галубка быў трагічным, ён не перажыў рэпрэсій.
Уладзіслаў Галубок (сапраўднае імя Уладзіслаў Іосіфавіч Голуб 1882 – 1937 гг. жыцця) – драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак і народны артыст Беларусі, член Саюза пісьменнікаў СССР. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка Іосіфа Голуба. Дзед Уладзіслава – Тамаш Голуб, браў удзел у паўстанні 1863-64 гг. Вольнымі поглядамі вызначаўся бацька Іосіф – памочнік машыніста, потым слесар у дэпо.
Уладзіслаў Галубок быў вымушаны рана пачаць зарабляць на хлеб. А тэатр прысутнічаў у жыцці Галубка з самага ранняга ўзросту. І, ужо з дзесяці гадоў, Уладзіслаў не прапускаў, бадай, ніводнага спектакля. Нават працаваў у тэатры бутафорам, выконваў эпізадычныя ролі хлапчукоў у спектаклях. Яшчэ ў юнацтве захапленне выяўленчым мастацтвам прывяло Уладзіслава Галубка да вядомага, у тыя гады, мастака Пракоф’ева. Як пейзажыст, ён удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх выстаўках. А ў 1906 годдзе, на старонках «Нашай Нівы”, з’явіліся яго вершы і апавяданні.
Вялікі ўплыў на Галубка-пісьменніка зрабіла творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Галубок не забыўся пра сваё дзіцячае захапленне тэатрам. Так у 1911 годзе ў Мінску, Галубок упершыню пабачыў спектаклі на беларускай мове.
У 1917 годдзе таварыства драмы і камедыі паставіла п’есу «Апошняе спатканне», напісаную Галубком на аснове свайго апавядання. Іншая вядомая п’еса – «Ліпавічок», заснавана на казачным матыве пераўтварэння персанажаў. У гэтай п’есе яскрава выявілася аптымістычнае народнае светаўспрыманне. А п’еса «Белы вянок» прысвечана жыццю сялян у Заходняй Беларусі. Твор апавядае пра трагічнае становішча беднай сялянскай сям’і.
Такім чынам, Галубок стаў заснавальнікам уласнага тэатра. Але, напачатку 1930-х гг. яго адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва тэатру. У канцы 1931 года, яго мастацкім кіраўніком быў прызначаны К. Саннікаў. За Галубком жа пакінулі адміністрацыйна-гаспадарчую працу і працу акцёра. Тэатр Галубка пачалі пераводзіць у іншы кірунак – побытавы рэалістычна-псіхалагічны.
У 1935 г. з’яўляецца п’еса «Сяржант Дроб», што па аповесці Эдуарда Самуйлёнка і «Тэорыя Каленбрун», якая была пастаўлена ў Гомеле ў канцы таго ж года. Галубок быў выканаўцам драматычных ды іншых характэрных роляў. Але, надышоў 1937 год…
Арыштавалі Галубка ў 1937 годзе «традыцыйным» спосабам, на досвітку. У яго мінскай кватэры адбыўся ператрус. Забралі не толькі рукапісы, а і ўсе прыватныя рэчы тэатра. Пра сапраўдны далейшы лёс Галубка і яго сям’і нічога дакладна не вядома. У 1942 годзе сям’я атрымала паведамленне аб яго смерці ад гіпертаніі. У музее ёсць даведка з КДБ Беларусі аб смерці Галубка, яна датавана 1994 годам. Напісана, дарэчы, па-беларуску.
Вядома ж, што Галубок не памер ад гіпертаніі. Літаральна праз некалькі тыдняў пасля арышту, яго расстралялі. Па ўсёй верагоднасці, ва сутарэннях сумна вядомага будынка НКУС (цяпер КДБ). Дзе і як ён быў пахаваны, невядома.
Быў рэабілітаваны пасмяротна, гэта адбылося 26 жніўня 1957 г. паводле пастановы Вярхоўнага суда БССР. Яго лёс стаў такім жа лёсам значнай часткі інтэлігенцыі той страшэннай сталіншчыны.