Выратаваць «Белсат». Місія дэмакратычнай супольнасці

19 снежня ў Мінску адбыўся круглы стол прысвечаны лёсу беларускага незалежнага тэлебачання «Белсат».

Як вынік, прынята рашэнне працягнуць хвалю салідарнасці, рыхтаваць звароты да адказных чыноўнікаў, а таксама правесці 20 снежня вулічную акцыю ля адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску.   

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел журналісты, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, лідар грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кіраўніцтва ГА «Згуртаванне беларусаў святла «Бацькаўшчына» Алёна Макоўская і Ніна Шыдлоўская, прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Зміцер Кавалгін і іншыя. 

 

Як адзначыў Севярынец, рашэнне скараціць фінансаванне «Белсата» — не столькі рашэнне польскіх улад, колькі «ціск з боку Лукашэнкі ці Крамля». «Таму мы будзем пікетаваць адміністрацыю прэзідэнта, таму што «Белсат» паўстаў з-за рэжыму Лукашэнкі», — сказаў Севярынец. Ён таксама назваў асноўны лозунг хуткай акцыі — «Выключыць НТБ, уключыць «Белсат». Ідэю правесці акцыю ў Мінску падтрымаў і кіраўнік «Альтэрнатыва» Алег Корбан. Таксама ён зазначыў, што добрай падтрымкай «Белсата» будзе маланкавая акцыя ў Варшаве, якую маглі б зладзіць мясцовыя беларусы.    

 

Удзельнікі круглага стала таксама вырашылі папрасіць незарэгістраваны ў Беларусі Саюз палякаў звярнуцца да ўлад Польшчы з просьбай падтрымаць «Белсат».

 

Апроч гэтага вырашана працягнуць у інтэрнэце інфармацыйную падтрымку тэлеканала з дапамогай хэштэга #белсатжыві, а таксама заклікаць людзей падпісвацца пад петыцыяй руху «За Свабоду» у падтрымку «Белсата» на платформе change.org і скіроўваць персанальныя звароты ў адрас улад Польшчы.

 

Нагадаем, пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне «Белсата», і пра магчымы пераклад тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне паведаміла 15 снежня польскаму выданню Wpolityce дырэктар «Белсата» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

 

Спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя «Белсата» месціцца ў Варшаве.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.