Аб важнасці і ўнікальнасці кнігадрукавання Францішка Скарыны

У гэтым годзе мы адзначаем знакавую падзею. Роўна 500 гадоў таму была  надрукавана першая кніга на беларускай мове! Яна называлася “Псалтыр”.

Для інфармацыі, “Псалтыр” – гэта зборнік вершаваных апавяданняў з Бібліі.  Цікавы факт: Францішку Скарыну было тады ўсяго 27 гадоў (па адной з версій гісторыкаў). “Псалтыр” быў выдадзены ў Празе. Для таго, каб зразумець, які адметны крок быў зроблены, варта прыгадаць, што на той час не было ўвогуле друкаваных кніг. У тыя часы кнігі перапісваліся манахамі. 
 

Францішак Скарына выдаў “Псалтыр”, і, крыху пазней, “Малую падарожную кніжку”, –   прыкладна праз 50 год, як свет пабачыў першую друкаваную кнігу ў свеце, якую выпусцілі ў друкарні Гутэнберга. У той час друкаваных станкоў у Еўропе было ўсяго некалькі – адзін з іх і знаходзіўся ў Празе, сталіцы прагрэсіўнай і поліканфесіянальнай Чэшскай дзяржавы. 

“Псалтыр” стаў першай кнігай ва ўсходнеславянскім свеце. У Маскве кнігадрукаванне пачалося толькі праз 50 год, прычым са сваімі нюансамі. Так маскоўскі (значыць і расійскі) першадрукар Іван Фёдараў быў вымушаны з ліцвінам (можна лічыць, беларусам) Пятром Мсціслаўцам уцякаць у Вялікае княства Літоўскае, ратуючыся ад Івана Жахлівага. Гэта важны гістарычны факт. Сёння, ад некаторых так званых Герадотаў можна пачуць шмат небыліц, напрыклад, што Скарына распачаў кнігадрукаванне адначасова з Федаравым, ці то нават пазней. Або і такое, што кнігі ён выдаваў, нават не ў Маскве, а ў Піцеры! Нагадаем, што гэты горад быў заснаваны толькі ў канцы васямнаццатага стагоддзя. 

“Псалтыр” – першая нацыянальная кніга ў беларускамоўнай рэдакцыі на царкоўнаславянскай мове! Кніга Скарыны пачынаецца прыгожа аздобленым тытульным лістом з малюнкам-гравюрай, тэкст ідзе з мастацкімі ўстаўкамі, вялікія літары-ініцыялы вылучаны чырвоным колерам. Кожнае выданне адкрывае Прадмова Скарыны. Апроч таго, тут ён змясціў уласны партрэт, што было навізной для Сярэднявечча. Таксама вядома, што ён падрыхтаваў да друку ўсю Біблію цалкам, аднак, свой выдавецкі праект не змог давесці да канца. У 1519 годзе ён з’ехаў з Прагі.

У 1522 годзе Францішак Скарына працягнуў сваю тыпаграфскую дзейнасць у Вільні, дзе ў доме Якуба Бабіча заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню. Акрамя выдавання кніг, Скарына займаўся медыцынай, батанікай, быў і паэтам. Нездарма, ён скончыў Кракаўскі і Падуанскі універсітэт. Яго дзейнасць і служба была рознабаковай. Так ён быў сакратаром караля Даніі, лекарам герцага Прусіі. 

                                                                Будынак у Вільні, дзе Скарына друкаваў наступныя кнігі. 

Час быў бязлітасны да кніг Францішка Скарыны. Частка іх загінула ў дзевятнаццатым стагоддзі, калі расейскія ўлады пераследвалі ўніятаў. Сёння ў свеце захавалася 520 асобнікаў усіх 25 скарынаўскіх кніг. У Беларусі –толькі 10. Затое дата пачатку беларускага кнігадрукавання сёння вядома дакладна – 6 жніўня 1517 года, калі была выдадзена першая і самая папулярная кніга Скарыны “Псалтыр”. Менавіта яна да нас дайшла у дзвюх няпоўных асобніках, якія захоўваюцца ў Расіі. 

Сёння працягваюцца перамовы з расійскім бокам на прадмет перадачы скарынаўскай спадчыны. Гэтыя рарытэты захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Адметна, у адным з асобнікаў няма пачатку, а ў другім – канца. Толькі сумясціўшы іх разам можна атрымаць поўны ідэальны асобнік. З адсутнасцю гэтых унікальных кніг існуе праблема, нават бяда – беларускія гісторыкі і даследчыкі не могуць дэтальна вывучаць этапы айчыннага кнігадрукавання. 

З маральнага боку, Расія мусіць вярнуць нашай краіне ўсе кнігі Скарыны, разам з метрыкай і архівамі Вялікага княства Літоўскага, ды яшчэ шмат з чым, прычым без усялякіх размоў ды ўмоў. Атрымліваецца, беларусам трэба чакаць, калі расійскія ўлады абзавядуцца высокімі маральнымі прынцыпамі і духоўнымі каштоўнасцямі? Але колькі ж можна чакаць, чаканне дастала… Але што з маральнасцю саміх беларускіх уладаў?    

Узгадаем, яшчэ не так даўно ў Мінску існаваў праспект Скарыны, які быў галоўным праспектам сталіцы. Але ў 2005 годзе галоўнакамандуючы вырашыў управіцца з тапанімікай, як бы па просьбе ветэранаў… У выніку, на ўскраіне сталіцы з’явілася вуліца Скарыны, а праспект атрымаў назву Незалежнасці. Тым часам, цэнтр Мінску так і застаўся пад камуністычнымі найменнямі: Леніна, Савецкая, Інтэрнацыянальная, Рэвалюцыйная, Ульянаўская, Карла Маркса, Энгельса, Кірава і г.д. Улічваючы такую душэўнасць і любоў да дзейнасці Францішка, не варта чакаць ад уладароў Карла Маркса, 38 сюрпрызаў, нават у юбілейны год. 

Увогуле, беларусы, давайце не будзем чакаць з мора надвор’я і тым больш указанняў зверху, будзьма самі святкаваць і шанаваць гэтую важную падзею славутага Скарыны! 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.