Гэты хлопец – даўні ўдзельнік апазіцыйнага руху. Мінчук. У перыяд 2020 года не мог застацца ў баку ад гарачых грамадска-палітычных падзей, але прымаў удзел даволі асцярожна і стараўся не трапляць пад аб’ектывы відэакамер. Таму і не разлічваў на цікавасць да сябе з боку сілавікоў. Але ўсё ж у адзін дзень такая небяспека ўзнікла – прыйшлося раптоўна пакідаць Беларусь, прычым амаль з пустымі рукамі…
“Альтэрнатыва” паразмаўляла з ім і даведалася падрабязнасці справы. Улічваючы, што сёння ў падобнай сітуацыі могуць аказацца іншыя беларусы, то такі досвед варты ўвагі многім.
– Па-першае, віншуем з паспяховай пераправай у бяспечную краіну. Раскажы, перш-наперш, як так здарылася, што табе прыйшлося з’ехаць з Беларусі?
– Дзякую. Так атрымалася, што мне трэба было хутка прымаць рашэнне куды бегчы, як сябе аберагчы ад магчымага візіту сілавікоў. Гэта здарылася ў верасні, тры месяцы таму. Справа ў тым, што не так даўно быў затрыманы адзін мой знаёмы, а ў яго тэлефоне засталіся фота з пратэстаў, на якіх быў і я. Таму за мной маглі таксама прыйсці. Я ўжо маю досвед затрыманняў, бо да 20-га года ўдзельнічаў у розных апазіцыйных акцыях, таму ведаю, як гэта небяспечна і ў якіх умовах прыйдзецца сядзець, губляць здароўе. Паколькі ў мяне не было візы, я абраў самы просты варыянт – рвануць у Грузію.
– Як ты пра гэта паведаміў сваім бацькам?
– Сказаў, што на некаторы, магчыма, працяглы час, паеду за мяжу, проста так трэба. Па сутнасці, не было часу, каб збіраць свае рэчы, шукаць недзе грошы, інфармаваць сяброў. Усё зрабіў аператыўна. Паспеў толькі захапіць 3 кашулі і 2 пары штаноў, гэта ўсё. Далей – мінская кальцавая. Дабіраўся да запланаванага пункту прызначэння толькі аўтаспынам.
– Дарога была з прыгодамі? Увогуле, як доўга прыйшлося ехаць?
– Яшчэ як. З Мінску я паехаў у Маскву, адтуль праз Уладзікаўказ у Грузію. Мой сярэдні чэк на спын машыны – 25 хвілін. Нідзе не прыйшлося доўга стаяць. Адметна тое, што ў дарозе па Расіі ўсе кіроўцы, як я заўважыў, падтрымлівалі так званую СВО. А ў адным кафэ мне на вочы нават трапіўся плакат, дзе гасцінна запрашаюць ваяроў за бясплатнай ежай.
Але ўжо бліжэй да Уладзікаўказа кіроўцы былі не такія адабрамс. Памятаю, што адзін сказаў, што няхай толькі дадуць яму аўтамат і скажуць ехаць ва Украіну ваяваць, дык ён адразу ж направіць яго на таго, хто такі загад агучыў.
– Цікавае назіранне. Але чаму ты вырашыў далей заставацца ў Грузіі, і не перабрацца ў Еўропу, куды звычайна накіроўваюцца іншыя беларусы?
– Я быў у Грузіі яшчэ ў 2019 годзе і проста палюбіў гэтую краіну! А ў Польшчы я раней жыў некаторы час, і мне там не ўсё прыйшлося да спадобы.
– Зразумела. Што было далей, дзе і як ты прасіў палітычны прытулак?
– Спачатку я прыехаў да сваіх сяброў, паразмаўляў з мясцовымі беларусамі, усё высвятліў. Прасіць палітычны прытулак трэба было ў Тбілісі, у міграцыйнай паліцыі. Там падаў хадайніцтва. Пасля паехаў у Міністэрства Юстыцыі вырашыць пытанне з дакументамі. Забралі мой беларускі пашпарт, а ўзамен выдалі часовы від на жыхарства тэрмінам на 1 год. Яшчэ было першае сумоўе, дзе я падрабязна расказаў пра сваю бяду.
– І як да цябе там паставіліся?
– З разуменнем. Прынялі дакументы і сказалі чакаць наступнай сустрэчы.
– Якія цяпер у цябе ёсць магчымасці ў гэтай краіне, апроч афіцыйнага дазвола на пражыванне?
– Мне будзе аказвацца медыцынскае забеспячэнне, такое, як і грамадзянам Грузіі. Прадстаўляецца бясплатны адвакат для маёй справы. Больш нічога асаблівага няма. Калі ўжо мне дадуць статус бежанца, то буду атрымліваць 45 лары штомесяц. Цяпер грошай няма. Так што прыходзіцца ўвесь час круціцца, неяк выжываць. Яшчэ мне нельга пакідаць тэрыторыю краіны.
– Як доўга прыйдзецца чакаць рашэння ўладаў? Як мяркуеш, калі ўжо ўсім нам можна будзе вярнуцца дадому?
– Звычайна прашэнні аб прытулку разглядаюцца даволі доўга, прынамсі, чакаць трэба не меней, чым год. Увогуле тут мала беларусаў прасілі міжнародную абарону, усе жывуць проста як замежныя грамадзяне, ці па якойсьці праграме робяць від на жыхарства. Што датычна сітуацыі ў Беларусі, то ў бліжэйшыя гады, на жаль, ніякіх пераменаў не будзе. Трэба чакаць мінімум 3-4 гады.
– І што ты робіш цяпер?
– У цяперашні час я жыву ў раёне Рачы, у прыватнай краме. Начую ў бакоўцы. У прыбіральню даводзіцца хадзіць праз вуліцу. Але нічога, пакуль што я згодзен на такія ўмовы.
Яшчэ я ўладкаваўся на працу ў мясцовую пякарню – гатую хлеб. Працую суткі праз 2.
Яшчэ дапамагаю мясцовым жыхарам пілаваць і сячы дровы. Таго, што тут зарабляю, пакуль мінімальна хапае на пражыць.
– Чаму ты абраў правінцыю, а не сталіцу, ці марскі край?
– Проста знайшоў такую магчымасць жыць менавіта тут. Тбілісі па мне не зусім камфортны горад для жыцця, ідзеш, а там паўсюль кірмашы, шмат народу, мітусні. А вось жыццё на перыферыі мяне больш уражвае. Тут горы, цікавы жывёльны і прыродны свет, сапраўдны спакой. Дарэчы, калі я жыў у Мінску, то часта меў праблемы са сном, проста не мог заснуць да 4 гадзін раніцы. Тут жа я, быццам жаўнер, засыпаю ў 22 гадзіны. Яшчэ тут мясцовыя жыхары больш гасцінныя, добразычлівыя і простыя. Увогуле, Рача – гэта грузінская Швейцарыя.
– Можаш прывесці прыклад такой гасціннасці?
– Так. Час ад часу я некуды еду па справах, паколькі ў мяне не шмат грошай, то дабіраюся аўтаспынам. І вось неяк мяне ўвечары падвозіў грузін, ён – прадпрымальнік, і як даведаўся маю гісторыю, то аплаціў мне гатэль і добрую вячэру.
– А як да цябе беларуса ставяцца грузіны?
– Асаблівай дыскрымінацыі не заўважаў. Але бывалі выпадкі, калі з сябрамі заходзілі ў кафэ, дык нас не абслугоўвалі, бо мы размаўлялі па-руску. Прыйшлося паказваць свае дакументы, усё тлумачыць. Зрэшты, да беларусаў, з-за вайны, стаўленне пагоршылася, але да расіянаў яно значна горшае. Яны і да вайны ва Украіне не могуць прабачыць, што 20% тэрыторыі Грузіі знаходзіцца пад крамлёўскай акупацыяй.
– На якой мове тут размаўляеш?
– З маладымі па-ангельску, а са старэйшым пакаленнем – па-руску. Шмат моладзі тут не ведае, ці проста робіць выгляд, што не ведае рускай мовы. Яшчэ я крыху вывучаю грузінскі, ужо ведаю пару дзясяткаў слоў.
– Якое тваё любімае грузінскае слова?
– Вялікі дзякуй – Діді мадлоба!
– Ці лёгка з сябраваць, мець стасункі с грузінкамі?
– О, гэта асобная гісторыя. Яны, канешне, прыгожыя, тэмпераментныя. Але, пакуль, мне з імі цяжка. Яны нагадваюць кіраўніц кампаній. Строгія. Глядзяць, быццам праз цябе, не заўважаюць.
– Якія мясціны табе тут больш за ўсё падабаюцца?
– Улюбёная кропка – гарачыя гейзеры Бетлемі. Яшчэ вадаспад Архыз. Сярод гарадоў – Кутаісі.
– І апошняе: якім ты бачыш сябе праз 3 гады?
– Ужо са статусам бежанца, з пастаянным відам на жыхарства, добра размаўляючы на грузінскай мове. А як толькі назбіраю ладную суму фінансаў, то хачу адчыніць бістро – гатаваць беларускія дранікі!
– Дзякуем за шчырую размову, “Альтэрнатыва” жадае табе надзейных сяброў, поспехаў і лёгкасці ва ўсім!
P.S. Інтэрнэт-рэсурс дапамогі пацярпелым беларусам змясціў спасылку для персанальнай падтрымкі гэтага чалавека. Цяпер яму неабходна сабраць хаця б 1000 эўра. Знайсці яго старонку для пераводу ахвяраванняў можна праз пошук “Помощь активисту, который срочно покинул Беларусь” на вядомым сайце Bys…