Калі адновяць Заслаўскі замак?

На днях я завітаў на Дзень горада ў старажытнае Заслаўе.

Даехалі да станцыі Беларусь добра. Дарэчы, што за дзіўная назва ў станцыі? А гэта з тых часоў, калі тут была мытня на савецка-польскай мяжы, да 1939 года, карацей кажучы. Мо самы час нам памяняць назву?

Першым прыпынкам майго падарожжа была хата завознікаў, ля чыгункі. Гэта, калі хто не ведае, філіял Заслаўскага музея-запаведніка. Пра сам музей потым. Цяпер пра хату. Першым гаспадаром хаты завознікаў (людзей, якія завозілі муку ў горад) быў Міхетка-Савіцкі. Там быў заезны двор для сялян. Унутры звычайнае для сялянскай хаты даваеннага і дарэвалюцыйнага часу абсталяванне. Печ, самавар, ложак, лаўка, гадзіннік, каталіцкая ікона… Замест тэлевізара батлейка. Побач пляцёныя каробкі, гаршкі. У другім пакое хамуты, гарбата і медны таз. Экскурсію нам праводзілі па-расейску. Хаця маглі б і па-беларуску, бо іншаземцаў у групе наведвальнікаў не было.

Побач з хатай – рухавік 1920-х гадоў. Важная акалічнасць: усе пабудовы філіяла, акрамя млына, не на сваім першапачатковым месцы. Цікавай пабудовай быў млын. Ён трохпавярховы з элеватарам “ліфтам”. Можна пабачыць шалі двух тыпаў – кілаграмовыя і пудовыя. На другім паверсе можна даведацца, што гаспадаром млына быў Файбіш Сляпян. Побач фотаздымак млынара Астроўскага. Спадабаўся свіран. Праўда не ўсе наведвальнікі ведалі, што такое свіран. Прыйшлося патлумачыць, на мове ўсходніх суседзяў свіран гэта амбар. Хаця, маглі б і самі здагадацца. У свіране пляцёныя мяхі. У сялян тады не было грошай, яны расплочваліся зернем. На самым версе ляжалі каўбасы і травы. Апошні дом у комплексе – гэта кузьня. Там працаваў коваль. Побач прылады працы, кавадла, горн.

Да свята Заслаўе прыбралі. Можна пасядзець на лаўцы закаханых з гербам горада трызубцам, падобным на украінскі. Можна схадзіць у кафэ: “Шынок”, ці “Гасцінец”. На рыначнай плошчы, рэдкі выпадак, быў адкрыты касцёл. Я раней яго бачыў толькі закрытым. Шкада толькі, фрэсак там няма. Можа яны былі калі-небудзь? І зараз ёсць пад слоем тынка? Хто ведае.

Пайшлі ў музей. Ён таксама на Рынкавай плошчы. Уразіла габеленавая выстава, што была створана, яшчэ тады, калі музей знаходзіўся ў кальвінскім зборы. У 1991 годзе музей адтуль з’ехаў і сёння знаходзіцца ў будынку, дзе раней былі камуналкі. Габелена тры: “Полацкія званы”, “Малітва Рагнеды”, “Заслаўскі замак Глябовіча”. Зараз у музеі працуе выстава “Фарбы Заслаўя”. На другім паверсе “музыка вячорак”. Музычныя інструменты, якія выкарыстоўваліся падчас вяселляў.

Для інфармацыі: стваральнікам выставы быў вучоны Бербераў. У 1993-94 гадах выстава пачала працаваць. Раней можна было на магнітафонах пачуць спевы бабулек, полькі, маршы, паслухаць дуду. Можна пабачыць у музее таксама гармонь: петраградскую і венскую. У петраградцы 3 шэрагі клавіш, у венскім 2 шэрагі. Так яны адрозніваюцца. Побач гуслі-цымбалы, з міжнароднай сімволікай, цытра (бубен), валынка, барабан. Музей вельмі цікавы. Але шчыра кажучы, для гучнай назвы музей-запаведнік экспанатаў малавата. Хаця, магчыма, і памяшканне ў іх цеснае. Можа што ў фондах?

На Дзень горада, тут прадаваліся пляцёныя карзіны, карціны, ішоў гандаль. Але…

Мяне не цікавіла байк-шоу з равучымі матацыкламі. Я ішоў “трапой здароўя” да месца, дзе быў Заслаўскі замак. Рэшткі брамы замка я помніў. Цяпер іх накрылі шкляным купалам. Напэўна шмат хто адкалупваў старажытную цэглу. Вось і прыгажун былы кальвінскі збор 16 стагоддзя, цяпер праваслаўная царква. Фундатарамі былі вядомыя Глябовічы. Перад царквой каменны незразумелы помнік 1911 года. Разабраў толькі слова “Освободителю”. Напэўна, у гонар гадавіны адмены прыгоннага права. Непадалёк старажытны каменны крыж, нейкая магіла. Побач праваслаўны драўляны крыж. Таксама незразумела. Затое ўнізе, каля ракі, помнік расстраляным жыхарам горада Заслаўя, хутчэй за ўсё габрэям, ці партызанам.

Увогуле вандроўка ў Заслаўе мяне парадавала. Я тут не быў даўно. Заслаўе – гэта горад-музей, у які хочацца вяртацца зноў і зноў. Але было б зусім добра, калі б велічны замак роду Глябовічаў зноў паўстаў на валах, каля былога кальвінскага збору. Гэта сімвал Заслаўя. Яго выявы можна ўбачыць на пано чыгуначнай станцыі “Беларусь” і ў мясцовым музее. Усім шчыра рэкамендую завітаць у Заслаўе, не пашкадуеце! 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.