Беларускія ўлады на спробу святкавання 99-х угодкаў абвяшчэння БНР адказалі хапуном, запалохваннем і сілай. У Мінску затрымана каля 1000 чалавек
Збор удзельнікаў акцыі планаваўся на Акадэміі навук а 14 гадзіне, аднак, улады адмовілі арганізатарам у яе правядзенні, прапанаваўшы дазвол на мітынг у парку Дружбы народаў. Нягледзячы на забарону, апазіцыйныя палітыкі заклікалі грамадства сабрацца на Акадэміі навук у запланаваны час. Варта адзначыць, напярэдадні 25 сакавіка, сілавыя структуры ўчынілі прэвентыўную зачыстку найбольш актыўных апанентаў – больш за 100 чалавек трапілі на суткі. Але і гэта не зламала настрой Дня Волі. Нягледзячы на рэпрэсіі і пагрозы, 25 сакавіка некалькі тысяч беларусаў рушылі да Акадэміі навук.
Улады падрыхтаваліся да мірнай акцыі апазіцыі быццам як да спробы рэвалюцыі – цэнтр гораду быў ачэплены міліцыяй, унутранымі войскамі і спецназам, сотні аўтазакаў і машын спецтэхнікі.
13.45 метро на 4 станцыях не прыпыняецца, гарадскі транспарт не робіць прыпынкі побач з Акадэміяй навук.
13.50 з’явілася інфармацыя аб затрыманні праваабаронцаў. У офіс “Вясны” уварваліся АМАПаўцы ў масках, вядзецца ператрус памяшкання. Затрымана 57 чалавек – праваабаронцаў, якія планавалі весці маніторынг акцыі.
13.55 няма звестак аб месцы знаходжання аднаго з лідараў апазіцыі Міколы Статкевіча. Менавіта ён браў на сябе адказнасць за арганізацыю акцыі. Верагодна, сілавыя структуры здолелі затрымаць палітыка.
14.00 на ходніках ад плошчы Якуба Коласа і парка Чалюскінцаў расстаўлены міліцэйскія прапускныя пункты, апроч журналістаў, нікога да Акадэміі навук не прапускаюць. Хто здолеў нейкім чынам прарвацца на гэтае месца літаральна адразу затрымліваўся. Нават не затрымліваўся, а закідваўся супрацоўнікамі АМАП у аўтазак.
У 14.10-14.30 ля гандлёвага цэнтра ЦУМ і рэстарацыі Лідо сабраліся сотні людзей. Пачалося шэсце са скандаваннем традыцыйнага “Жыве Беларусь!”, узнята нават некалькі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў.
У 14.30-14.50 улады адказалі мітынгоўцам застрашэннем і масавым хапуном. Перакрыты праспект Незалежнасці. Ад вуліцы Дарашэвіча і Гікалы выступіла некалькі шэрагаў байцоў унутраных войскаў і АМАП. У некаторых у руках аўтаматы. Такім чынам удзельнікаў шэсця падзялілі на некалькі частак, праз некалькі хвілін пачаўся адольны хапун некаторых удзельнікаў акцыі, яшчэ праз 10 хвілінаў на баку Філармоніі пачаўся другі этап затрыманняў. На відэа незалежных СМІ бачна, што падчас затрыманняў выкарыстоўваліся дубінкі. У цэнтры гораду кепска працуе інтэрнет і мабільная сувязь, верагодна, спецслужбы блакуюць сувязь.
У 14.50-15.40 тая частка натоўпу, што не патрапіла пад затрыманні рушыла наперад у бок Кастрычніцкай плошчы. На скрыжаваніі праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова – чарговыя затрыманні. Бліжэй да дзіцячага парку імя М. Горкага на ходніках вышыхтавался яшчэ некалькі АМАПаўскіх КПП. На гэтым шэсце да галоўнай плошчы сталіцы было завершана.
Паводле звестак незалежных СМІ, затрыманых людзей развезлі па ўсіх раённых РАУСах, лічба дасягае 1000 чалавек.
У 18.30 стала вядома аб пачатку вызвалення з міліцэйскіх РАУСах затрыманых. Многіх адпускалі без складання пратаколаў, на некаторых усё ж пратаколы складаліся, артыкул – “удзел у несанкцыянаванай акцыі”. Ёсць звесткі аб збіцці некаторых людзей.
Адзначым, 25 сакавіка мірныя акцыі з нагоды Дня Волі прайшлі ў Віцебску, Гомелі, Брэсце і Гродне. У 2 апошніх гарадах мерапрыемствы былі санкцыянаваны мясцовымі ўладамі.
Фотаматэрыялы мінскіх падзей ад незалежных СМІ.