​​7 альтэрнатыўных падарункаў Мінску

9-10 верасня беларуская сталіца святкуе сваё 950-годдзе.

Горад чакаюць афіцыйныя святочныя мерапрыемствы, зрэшты, усё банальна, прадказальна, асабліва класна для прыхільнікаў чаркі ды шкваркі. Але што можна было б уладным валадарам падараваць гораду, насамрэч, патрэбнае і больш цікавае?

Безумоўна, спачатку варта вярнуць гораду яго імя – Менск. Але, давайце здымем ружовыя акуляры, бо пры сённяшняй уладзе такое немагчыма. Пакінем гэткія патрыятычныя мроі да лепшых часоў і паразважаем, што ж магчыма менавіта пры актуальнай грамадска-палітычнай кан’юнктуры на Беларусі. Дадамо, не ўсё так панура, як можа часам паказацца, у гэтым перакананы пазітыўныя розумы “Альтэрнатывы”, зрабіўшы наступную серыю сюрпрызаў для Мінска.

7. Святу – быць! Пазітыўныя эмоцыі, танцы з музыкай, конкурсы і забавы. Юбілей варта адзначыць шырока – святочным канцэртам і шоу пад адкрытым небам з удзелам топавых айчынных выканаўцаў, сярод якіх Лявон Вольскі, Крамбамбуля, Brutto і каманда Ляпіс, Дзецюкі, Палац, Макс Корж ды іншых. Цэнтр горада можна пераўтварыць у пешаходную зону, таксама варта паклапаціцца аб усталяванні мастацкай выставы з яскравымі творамі, прысвечанымі нашаму гораду.

6. Гуляць дык гуляць! Зрабіць цалкам пешаходнай вуліцу Ракаўскую (раён Нямігі). Аўтатранспарту тут не месца. Гэта пашырыць турыстычную і гістарычную цікавасць да гарадской спадчыны.

                              

5. Захаваць знакавыя месцы горада! Замацаваць гісторыка-культурны статус за жылымі кварталамі пасляваеннай забудовы, якія прадстаўляць пэўную архітэктурную і гістарычную цікавасць. Напрыклад, Асмалоўка, Трактаразаводскі пасёлак, завулак Паўночны. Гэта дазволіць будынкам выжыць у гарадскіх джунглях ды перамагчы забудоўшчыкаў, ды захавае ад страты адпаведнага архітэктурнага і нават гістарычнага духу мінулай эпохі.

4. Усталяваць па вуліцы Леніна, дзе раней знаходзілася Мінская гарадская ўправа – помнік Каралю Яну Аляксандру фон Гутэн-Чапскаму. Дзякуючы яму ў Мінску адкрыўся гарадскі тэатр, зарабіла конка, у 1895-м – электрастанцыя, яшчэ праз год – тэлефонная станцыя. Начныя прытулкі, масты, шпіталі, амбулаторыі, электрычнае асвятленне вуліц – уся гэта справа рук Чапскага. Ян Караль Аляксандр фон Гутэн-Чапскі быў прызначаны на пост гарадскога галовы ў 30 гадоў і стаяў на чале горада з 1890 да 1901 года. У немалой ступені дзякуючы яго высілкам адсталае губернскае месца на стыку стагоддзяў ператварылася ў перадавы еўрапейскі горад. Таксама паводле апошніх тэхналогій быў абсталяваны бровар, якая пад брэндам “Аліварыя” дзее дагэтуль. Нездарма, на сцяне завадскога музея з’явіўся барэльеф Чапскага.

3. Капішча. Беларусь – краіна хрысціянская, але гісторыі і турыстычнай прывабнасці вяртанне старажытнага капішча будзе нечым незвычайным і захапляльным. У цэнтры сучаснага Мінска, каля канцэртнай залы «Мінск» на беразе Свіслачы яшчэ зусім нядаўна знаходзіліся рэшткі паганскай бажніцы, прысвечанай Вялесу. Некалі гэта была ўскраіна Мінска, раён цяперашняй вуліцы Чырвонаармейская. Тут яшчэ ў XIX стагоддзі стаяў лес. У падножжа аднаго з узгоркаў гэтага лесу ляжаў валун (яго звалі «Дзед»). Зараз былая боскасць паганскай бажніцы знаходзіцца сярод сабе падобных — у Музеі валуноў ва Уручча, таму адшукаць і вярнуць яго на радзіму – не праблема. Самае цікавае, што на гэтым месцы аж да 1927 году адбываліся паганскія рытуалы, знахар прымаў людзей з іх праблемамі і аказваў магічную дапамогу. Па словах людзей, гэта дапамагала, таму сюды заўсёды ішоў народ.

                            

2. Вярнуць асноўным гістарычным вуліцам іх былыя назвы. Замест Рэвалюцыйнай – Койданаўская, Ульянаўскай – Гарбарная, Інтэрнацыянальнай – Валоцкая, Энгельса –
Дамініканская, Карла Маркса – Падгорная, Камсамольскай – Феліцыянаўская, Герцена – Малая Бернардзінская, Леніна – Францысканская, Куйбываша – Плябанская, Чырвонаармейская – Кашарская, а таксама, нарэшце, падараваць сталіцы вуліцу імя Васіля Быкава, адпаведна пераназваўшы вуліцу Ціміразева, побач з якой і жыў пісьменнік.

1. Мінску – Менскае замчышча! Усталяваць на Нямізе плоскасцевы макет старажытнага Менскага замчышча. Зрабіць такую канструкцыю магчыма паводле распрацаванага археолагамі выгляду месца, што атрымалася зрабіць дзякуючы апошнім раскопкам падчас будаўніцтва другой лініі сталічнага метро ў 1984-1985 гг.
Макет будзе адлюстроўваць выгляд і межы нашага старажытнага горада, выгляд брамы, першай царквы, іншых аб’ектаў. Побач варта змясціць шыльду з біяграфічнымі звесткамі –
калі горад з’явіўся і чаму паступова знік. Гэта пашырыць веданне беларусаў пра наш горад, культурныя і гістарычныя асаблівасці, а таксама пашырыць турыстычную цікавасць.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.