Гедымін і Леў Сапега вяртаюцца ў сучасную Беларусь

Выбітныя гістарычныя асобы нашай зямлі — Вялікі князь ВКЛ Гедымін і канцлер ВКЛ Леў Сапега вярнуліся ў сучасную Беларусь у выглядзе помнікаў.

1 верасня ў Слоніме адбылося афіцыйнае адкрыццё помніка Льву Сапегу. Гэтую падзею ўлады прывязалі да Дня беларускага пісьменства, які ў гэты час праходзіў у горадзе. Адметна, штопПомнік знаходзіцца на галоўнай плошчы горада.

Адзначым, гэта ўжо другі помнік Сапегу ў Беларусі — першы быў ўсталяваны па ініцыятыве каталіцкага ксяндза побач з касцёлам Святога Казіміра ў 2010 годзе ў горадзе Лепель, што на Віцебшчыне (нягледзячы на пратэст мясцовых праваслаўных святароў).

Даведка. Леў Сапега — уплывовы дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні Трэцяга Статуту ВКЛ 1588 году. Адметны факт: Сапега нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, а напрыканцы жыцця прыняў каталіцкую веру.

7 верасня ў Лідзе ў Дзень горада ўлады ўрачыста адкрылі помнік Гедыміну. Пастамент усталявалі побач з Лідскім замкам, таму невыпадкова, што скульптары абліцавалі яго гранітам у колер замка. На ім надпіс «Гедымін» і вялікакняскі герб «Калюмны».

Даведка. Гедымін (1275—1341) — Вялікі князь Літоўскі. У часы яго праўлення Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай ўсходне-еўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі зявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску.

Відавочна, што ўсталяванне такіх помнікаў — гэта перамога розуму і сумлення ў верхавіне беларускай улады. Апроч таго, гэта і прызнанне нашай гісторыі. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім будучым Беларусь дачакаецца помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, папулярызацыю іншых артэфактаў у гонар іншых яскравых асобаў нашай мінуўшчыны.

У той жа час свядомых беларусаў сёння працягвае непакоіць лёс помніка Францішаку Аляхновічу, які знаходзіцца на віленскіх могілках Расу. За апошнія 2 гады гэты помнік усё больш і больш прыходзіць у аварыйны стан. Неўзабаве, ён можа абваліцца. У інтэрнэце ўжо была інфармацыя аб тым, што знайшоўся спонсар аднаўлення помніка (гэта самакіраванне літоўскай сталіцы). Але патрэбныя працы ўсё яшчэ  непачаліся…

Даведка. Францішак Аляхновіч (9 сакавіка 1883 — 3 сакавіка 1944) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст і празаік. Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» з’яўляецца першым творам сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта. П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатру яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі навейшай беларускай драматургіі».

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.