Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць. Дзе каза бывае — там шчасце вітае!
Аб старадаўняй дахрысціянскай народнай традыцыі калядавання піша сайт Студэнцкага этнаграфічнага таварыства http://set.ethno.by, вашай увазе матэрыял Марыі Грыц.
Старадаўнія традыцыі калядавання і абыходу дамоў ніколі не знікалі на Беларусі. Засталося багата звестак, як праходзіла адно з самых вясёлых, цікавых і разнастайных святаў гадавога цыклу. Гэты невялікі артыкул – збор самых базавых момантаў калядавання.
Адным з галоўных вобразаў сярод калядоўшчыкаў з’яўляецца каза. Найчасцей людзі пераапранаюцца ў яе маскай і прасцінай. Але ёсць мясціны, напрыклад Салігоршчына, дзе робяць пудзілка кшталту лялкі, і носяць яго на руках. Казу маглі зрабіць і ў выглядзе драўлянай галавы на дрыне, каб зяпа раскрывалася і хлопала. Раней і жывую казу вадзілі.
З казой наогул звязана шмат цікавага. Сімвал гэтай жывёлы фігуруе ў цыкле гадавых святаў. У жніве ёсць такі звычай пакідаць калоссе “казе на бараду”. Лічылася, што дух урадлівасці поля жыве ў гэтым жыце. Узімку ён выяўляецца ў вобразе казы, і дзе яна ходзіць, там жыта родзіць. У казы была вельмі істотная роля – падчас каляднай песні яна нібыта памірае і пасля ажывае. Тут ёсць спасылка да язычніцкіх каранёў свята, нібыта старое сонца сыходзіць і нараджаецца маладое.
Другі моцны вобраз – мядзьведзь, якога нашыя продкі ўспрымалі як татэмную жывёлу, пачынальніка роду. У жніўных песнях да яго звяртаюцца як да дзеда “мядзьведзюхна, бацюхна, пакалышы дзіцяцюхна”. А яго валасатасць звязвалі з багаццем. Нявесту, напрыклад, саджалі на дзяжу на вывернуты кажух, бо ён такі ж касматы, як той мядзьведзь.
Калі глянуць глыбей, то можна выказаць меркаванне, што ўваход на Каляды гэтай жывёлы у хату нёс плоднасць і багацце, то бок мядзьведзь выконваў функцыі, якія раней былі ўласцівыя язычніцкаму богу Велесу. Мядзьведзь выступаў як вучоны і паказваў нешта смешнае, кшталту як дзеці гарох крадуць, ці як ваду носяць. Акрамя таго з ім дужыліся мужыкі і маладыя хлопцы.
Маскі рабілі з пап`е-машэ, паперы, бяросты, дрэва, саломы. Перад выхадам выварочвалі кажухі і хадзілі па дварах. У кампаніі калядоўшчыкаў звычайна быў дзед альбо баба, што вадзілі казу, цыган з мядзьведзем ці канём, механоша і зорканоша. Акрамя таго маглі быць жаўнер, поп, чорт, пан, лекар, жыд і багата каго іншага. Можна меркаваць, што калядоўшчыкі часта пераапраналіся ў тых, каго сустракалі ў паўсядзённым жыцці і маглі з іх пасмяяцца. Таму сёння сярод калядных персанажаў маглі б досыць натуральна выглядаць банкір, айцішнік, ці міліцыянер.
Цыганоў успрымалі як прышлых чарадзеяў. Цыганка варожыла, давала лёсавызначальныя прадказанні на будучы год, альбо сватала сваю дачку. Цыган вадзіў мядзьведзя ці гандяваў каня. Поп прадаваў індульгенцыі, чорт прапаноўваў падпісаць дамову. Быў і бусел. Але ў народный міфалогіі вобраз гэты не адназначны, ён не толькі дзяцей прыносіць, але можа спаліць хату, угнявіўшыся, ці ператварыць чалавека ў птушку і забраць у птушыную краіну. Пераапрануты чалавек з маскай, якая шчоўкала доўгай дзюбай, хадзіў пужаць дзетак. Маладыя дзяўчаты пераапраналіся дзедам, а хлопцы – дзеўкамі ці бабамі.
Цэнтральны сімвал калядавання – зорка. Яе рабілі розным чынам у залежнасці ад рэгіёну. На Палессі бралі сіта і з паперы рабілі яд яго прамяні, тады зорка атрымлівалася аб’ёмнай. На Беласточчыне зоркі падобныя на палесскія. Усярэдзіну там устаўляюць свечку, і калі спявалі калядкі, то яна свяцілася, а ў некаторых варыянтах нават круцілася.
Пэўныя часткі абраду суправаджаюцца адпаведнымі спевамі. Спачатку калядоўшчыкі падыходзяць да хаты і просяцца, каб іх упусцілі. Пасля выступае каза, якую водзіць дзед – для гэтага свая песня пра тое, як каза прыносіць урадлівасць і дабрабыт. Калі каза нібыта памірае, яе ратуюць гаспадары пачастункамі. А пасля ўжо хто на што варты. Ёсць песні для маладых дзяўчат, для бабуль, для нежанатых і гэтак далей. Яны могуць быць як вясёлыя, так і кплівыя. Адпаведныя спевы ёсць і на развітанне.
Калі падчас калядавання нейкі дом абміналі, то гэта лічылася вялікай ганьбай. Але і непрывеціць калядоўшчыкаў было даволі небяспечна. Часам няветліваму гаспадару здымалі браму і выносілі на сярэдзіну дарогі. Таксама маглі падпаліць адрыну ці пакласці на комін ліст шкла, каб дым не выходзіў, а гаспадар не бачыў, чаму так атрымліваецца. Калі мала адорвалі калядоўшчыкаў, то яны маглі і пагражаць: не даш яечка – здохне авечка, не даш каўбасу – хату разнясу.
Раней калядаваць хадзілі па вёсках некалькімі гуртамі. Маглі быць асобна мужчыны і жанчыны, асобна моладзь ці дзеці.
Натуральна, што вяскоўцы дагэтуль ведаюць пра абрад і чакаюць калядоўшчыкаў. Але і гарадскія жыхары радыя святочнай дружыне. Наста Глушко (сябар СЭТ і калядоўшчык са стажам) распавяла, што часцей выпадае калядаваць у сяброў, але калі яны выпадкова завітваюць у нейкі шматпавярховы дом і ходзяць па кватэрах, то іх заўжды цёпла пымаюць: “Людзі сталага ўзросту ўзгадваюць сваю маладосць, калі традыцыя была больш распаўсюджана, а дзеці захапляюцца спевамі і прадстаўленнем”.
Дзе каза топ-топ
Там жыта сем коп
Дзе каза рагом
Там жыта стагом.
Сябры, дабра і радасці ў Ваш дом!