Актывісты “Альтэрнатывы” завяршылі збор подпісаў сярод мінчукоў пад зваротам да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з прапановай уключыць у школьную праграму па прадмету “Гісторыя Беларусі” пазнавальных экскурсій для старэйшых класаў ва ўрочышча Курапаты – месца жахлівых сталінскіх рэпрэсій 1937-1941 гг.
За мінулыя 40 дзён каманда “Альтэрнатывы” абышла частку сталічнага мікрараёна Зялёны Луг, усяго ў падтрымку зварота атрымалася сабраць каля 2.000 подпісаў мінчукоў. Як адзначае кіраўнік арганізацыі Алег Корбан, гэтай лічбы дастаткова: “Думаю, для прыцягнення ўвагі чыноўнікаў гэтага хопіць, усялякім разам, на цяпер”.
Паводле ўражанняў актывістаў ад камунікацый з мясцовымі жыхарамі, ідэя школьных экскурсій мае падтрымку сярод грамадства. Вось якія высновы зрабіў спадар Корбан, паводле ацэнак актыўных зборшчыкаў подпісаў:
1. Не менш за 60% насельніцтва падтрымліваюць дадзены зварот да улады! У сённяшніх умовах – гэта станоўчы вынік. 15% – катэгарычна супраць (даволі часта матывуюць так: “Не установлено кто там расстреливал и кто там закопан», «Это не место для экскурсий», «Вначале уберите кресты, детям ведь будет страшно»), астатнія, а гэта прыкладна 25% не маюць пэўнай пазіцыі па гэтаму пытанню (можна пачуць такое: «Я подумаю», «Я почитаю в интернете, приходите потом», «Мне все равно»).
2. Абсалютна ўсе жыхары Зялёнага Луга ведаюць пра Курапаты, але вось жыхарам іншых мясцовасцяў часта даводзілася прыгадваць што такое і дзе гэтыя Курапаты.
3. Большая частка жыхароў дамоў №49, 55 па вул. Мірашнічэнкі, дзе ў 2017 годзе адбывалася супрацьстаянне з будаўнікамі бізнес-цэнтра захавала пазітыўнае стаўленне да ўсёй апазіцыі, але многія мяркуюць, што гэты пратэст ладзіў БНФ. Найбольш жыхары гэтых дамоў запомнілі Змітра, выпадак з кайданкамі, а таксама сцягі БНФ (тут луналі бел-чырвона-белыя сцягі).
4. Не ведаю колькі ў працэнтах, але значная колькасць людзей не зусім станоўча выказвалася да ўсталявання ў Курапатах дзяржаўнага мемарыяла. Некаторыя называлі гэты помнік «Прышчэпкай».
5. Не было часу і нават патрэбы цікавіцца народным стаўленнем да «Бульбашъ-холлу», але час ад часу людзі самі выказвалі свае пажаданні ў хутчэйшым закрыцці гэтай ганебнай рэстарацыі. Было толькі некалькі выпадкаў калі некаторыя, пачуўшы наш спіч са злосцю крычалі: «А, так это вы те, кто нас в ресторан не пускает? Идите-ка отсюда».
6. Міліцыя ў працэс нашай працы не ўмешвалася. Так мы без праблем збіралі патрэбныя аўтографы на вуліцы ды па кватэрах. Таксама было некалькі выпадкаў, калі трапляліся раз’юшаныя і магчыма неадэкватныя грамадзяне, быццам бы нават тэлефанаваўшыя ў 102.
7. У цэлым, народ наш пазітыўны! І, канешне, ён заслугоўвае лепшага. Але гэта ўжо іншая размова.
Такім чынам, зварот накіраваны. Якім будзе рашэнне ўлады – стане вядома праз месяц.