Кіраўніцтва ГА “Альтэрнатыва” (арганізацыя зарэгістравана ў Латвіі) выказвае рашучы пратэст у сувязі з палітыкай афіцыйнай улады Беларусі па ўчыненні адміністрацыйнага пераследу актыўных удзельнікаў мірных акцый у абарону дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы снежня ў Беларусі пракацілася хваля затрыманняў арганізатараў і ўдзельнікаў мірных акцый, прысвечаных абароне незалежнасці нашай краіны.
Сёння за кратамі адбываць адміністрацыйныя арышты дзясяткі сумленных патрыётаў Беларусі – сярод іх палітыкі: Павел Севярынец і Алесь Чахольскі, палітычныя актывісты: Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч, Леанід Кулакоў, Стас Шашок, блогеры Уладзімір Цыгановіч і Сяргей Ціханоўскі. Таксама да арышту прысудзілі грамадскую дзяячку Алену Таўстую. Апроч таго, многія іншыя удзельнікі акцый атрымалі вялікія штрафы, у гэты спіс патрапіў вядомы журналіст фрылансер і сябра “Альтэрнатывы” Ілля Дабратвор, які прысутнічаў на акцыях у якасці рэпарцёра.
У чаканні судовых паседжанняў застаецца дзясятак іншых грамадскіх дзеячоў, сярод іх – паэт Уладзімір Някляеў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, палітык Юрась Губарэвіч.
У сувязі з несправядлівай і цалкам незаконнай палітыкай беларускай улады, ГА “Альтэрнатыва” выказвае рашучы пратэст, і просіць спыніць парушэнне правоў грамадзян на свабоду выказвання, а таксама спыніць далейшы пераслед мітынгоўцаў, і тых, хто аказвае арганізатарам мірных акцый дапамогу праз інфармаванне грамадскасці ў сацыяльных сетках інтэрнета!
Мы – адзін народ! І ўсе мы прагнем захавання Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы!
Лепшы сродак вырашэння ўсіх супярэчнасцяў – не арышты і здзекі са сваіх апанентаў, а дыялог!