Заява “Альтэрнатывы” супраць зносу крыжоў у Курапатах

Грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” выказвае афіцыйным беларускім уладам рашучы пратэст з нагоды вераломнага і нахабнага зносу крыжоў ва ўрочышчы Курапаты.

Знос крыжоў у Курапатах — дзікунства і сапраўднае варварства, гэта дэманстрацыя нянавісці да ўсяго беларускага, да нацыянальнай гісторыі і культуры, да салідарнага і патрыятычнага грамадства. Гэта не толькі здзек з тых, хто пахаваны на гэтай зямлі, але і з жывых людзей, якія ахвяравалі ўласныя грошы на крыжы і ўсталёўвалі іх на месцы масавых палітычных забойстваў, прыкладалі іншыя намаганні па добраўпарадкаванні гэтага сакральнага месца. Такому вераломству ня можа быць аніякіх апраўданняў!

Да якой ступені трэба быць перапоўненым нянавісцю, страціць агульначалавечую годнасць і маральнасць, каб даць загад трактарыстам ды іншым будаўнікам знішчаць народныя крыжы? З перакрыццём усей тэрыторыі урочышча, з задзейнічаннем міліцыі, байцоў сілавых структур, з незаконнымі затрыманнямі ўсіх нязгодных. Такая палітыка недапушчальна ў цывілізаваным грамадстве.

Для ўсіх беларусаў крыж — гэта святыня і сімвалізм. Кожны населены пункт імкнецца, каб на заездзе да яе быў абавязкова пастаўлены крыж! Для людзей — гэта святасць, вера, абярэг.

Па факце знішчэння крыжоў “Альтэрнатыва” выказвае катэгарычны пратэст і нязгоду.

Відавочна, што сённяшняе злачынства ў Курапатах — гэта яшчэ адна чорная старонка найноўшай гісторыі Беларусі. І ў яе гісторыі назаўсёды застануцца імёны нялюдскіх катаў. Нам сорамна за вас…

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.