Залатая Горка – гаражы і былая глушылка на месцы магіл

Калісьці ў Мінску было даволі шмат могілак. Большасць з іх не перажылі савецкай ўлады. Ад старадаўніх часоў захаваліся толькі Кальварыйскія ды Ваенныя могілкі. Ад іншых амаль нічога не засталося…

Вельмі шкада Залатагорскія могілкі. У дарэвалюцыйным Менску, на гэтых могілках, каля муроў касцёла Святога Роха (Святой Троіцы), былі пахаванні загінуўшых падчас эпідэмій. У пасляваенны час Залатагорскія могілкі былі знесены. Да сённяшняга часу тут сустракаюцца каменні з надпісамі на польскай мове.
Але касцёл застаўся такім, якім яго пабудавалі ў 1864 годзе. Шкада, што яго закрываюць будынкі, што з боку праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Застаўся толькі вузкі праход, ад Палаца мастацтваў, які быў пабудаваны на месцы тых могілак, у 1970-я гады. Гмах прыгожы, а галоўнае еўрапейскі. Тут, як у шмат якіх храмах Еўропы, не толькі праводзяцца службы, але і гучыць музыка, бо касцёл, з’яўляецца канцэртнай пляцоўкай. Дарэчы, ён вядомы пад некалькімі назвамі.
Готыка ў Мінску? Чаму б не. Толькі не готыка, а неаготыка, псеўдаготыка. У Англіі ўзнік гэты стыль. Ён характарызуецца, перш за ўсё, у выцягнутых, ці ў астрапаверховых формах. У Мінску гатычнага няшмат, з таго што ёсць – гэта касцёлы. На Кальварыйскіх могілках, на Залатой Горцы, а таксама Чырвоны ( святых Сымона і Алены) касцёл на плошчы Незалежнасці. Кожны з іх – гэта асобны расповед. Так касцёл на Кальварыі – цэнтр старажытных могілак, дзе знаходзяцца пахаванні шляхцічаў, ў тым ліку Эдварда Вайніловіча, які ў 1910 годзе заснаваў Чырвоны касцёл. 
Першапачаткова касцёл знаходзіўся на той гары, дзе зараз знаходзіцца Нацыянальны вялікі тэатр оперы і балету. Ён называўся Траецкім, адсюль Траецкая прадмесце ў Менску. І гара стала называцца Траецкай. Гэта першы каталіцкі храм Менска. Ён стаяў з 1390 да 1809 года, потым згарэў. Пасля паўстагоддзя мяшчане знайшлі грошы на новую пабудову, цяпер ужо ў іншым месцы – на Залатой Горцы. Там касцёл ужо атрымаў  іншую назву – Святога Роха. Хто такі Рох? Ён у 1295 годзе нарадзіўся ў Манпелье (Францыя), стаў манахам, лячыў хворых, а пасля смерці быў абвешчаны святым. У каталіцтве Рох лічыўся абаронцам і людзей, і жывёл, ад розных хвароб. У 1910-я гады з’явіўся праект перабудовы гэтага касцёла ў вялізную двухвежавую базіліку, ў стыле ўсё той жа неаготыкі. Але планы перабудовы касцёла перакрэсліла Першая сусветная вайна. А калі б ён быў перабудаваны, мы б мелі храм, падобны на славуты Нотр Дам у Парыжу! Але, не думаю, што ён перажыў бы час савецкай ўлады, ці вайны з Нямеччынай… Тым больш, што гэты перыяд не перажылі самі Залатагорскія могілкі. Сёння на іх месцы гаражы, Палац мастацтваў, гмахі і двары, вуліца Залатая Горка і Чырвоназорная. Таксама і былая мінская глушылка, а цяпер гэта рэтрансляцыйная вышка мабільнай сувязі. Дарэчы, раней іх было дзве. Адну з іх дэмантавалі. Пра глушылку, вядома, што яе хацеў у 1960-я гады ўзарваць Сяргей Ханжанкоў, дысідэнт і студэнт гідратэхнічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытута. Канешне, зрабіць гэтага ў яе не атрымалася, бо супрацоўнікі КДБ нейкім чынам даведаліся аб такой задуме, і хлопец быў арыштаваны. 7 кастрычніка 1963 г. ён быў засуджаны за «спробу дыверсіі» і, таксама, за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на 10 гадоў лагераў. Хаця, Сяргей Ханжанкоў жадаў толькі прадэманстраваць свой пратэст. 

Вось такі лёс менскіх могілак на Залатой Горцы. Хаця саміх могілак сёння і няма. Сёння аб іх існаванні нагадвае толькі некалькі магільных пліт, ды касцёл…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.