Чарнобыльская АЭС (Украіна) адкрыла туры для турыстаў на ўсе энергаблокі станцыі і назіральную пляцоўку на новы саркафаг над рэактарам, што ўзарваўся ў 1986 годзе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце станцыі.
«Падчас нашага тура вы зможаце наведаць знакаміты «залаты калідор», які праходзіць праз усе энергаблокі станцыі, убачыць на ўласныя вочы шчыт кіравання рэактарам, падысці ўшчыльную да сцен 4-га энергаблока, разгледзець з назіральнай пляцоўкі арку новага бяспечнага конфайнмента», — паведамляецца на сайце.
Апроч гэтага наведвальнікам прапануецца пакарміць трохмятровых чарнобыльскіх самоў і паабедаць з персаналам станцыі.
Кошт тура складае 2700 грыўняў ($103).
Варта адзначыць, раней вялікая частка ўнутраных памяшканняў станцыі была закрыта для турыстаў. Экскурсіі праводзіліся па закінутым горадзе Прыпяць, дзе да 1986 года жылі работнікі станцыі і іх сем’і, а таксама ў іншых кропках зоны адчужэння. Цяпер месца адной з самых жудасных катастроф у гісторыі чалавецтва робіцца больш адкрытым і даступным для людзей.