З экспазіцыі клімавіцкага раённага краязнаўчага музея прыбралі Бел-чырвона-белы сцяг і выяву старажытнага герба “Пагоня”.
Як удалося высветліць у супрацоўнікаў музея, сімволіку вырашылі прыбраць па прычыне аварыйнага стану столі ў тым пакойчыку, дзе яна знаходзілася:
“Пасля аператыўнага рамантавання столі на гэтым месцы было вырашана размясціць карціны клімавіцкіх мастакоў. Сімволіка пакуль што будзе знаходзіцца ў фондзе музея”.
Цікава, але пры візуальным аглядзе столі ніякіх хібаў тут не бачна. Чаму музей насамрэч вырашыў пазбавіцца ў сваёй выставе старажытнай сімволікі нашых продкаў – застаецца толькі дагадвацца.
Адзначым, краязнаўчы музей у Клімавічах (райцэнтр у Магілёўскай вобласці Беларусі) – гэта быў адзіны да сённяшняга дня дзяржаўны музей у Беларусі, дзе можна было пабачыць бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” як гістарычную сімволіку нашай дзяржавы.