На Старажоўскай вуліцы ў Менску конь цягне са шпіталя жалобную падводу. Куды? А вядома ж – на пагост. “Адмучыліся, жаўнерыкі, – ціха гаворыць кучар. – Што зробіш – вайна…”.
Сённяшняму маладому чалавеку, дзве галоўныя вайны ХХ стагоддзя могуць бачыцца адной вялікай крывавай бітвай. Але роля кожнай вайны, гісторыя пісала для Менска па-рознаму. Калі Другая сусветная – гэта вялізная, але зусім іншая бітва з агрэсарам, то Першая сусветная – іншая гісторыя. Здавалася, прыходзіў у Беларусь такі ж немец-захопнік, наводзіў свае парадкі, напрыклад, галоўную вуліцу Мінска перайменаваў у Гауптштрасэ. Аднак тут усё нашмат складаней…
Цар выехаў на Саборную плошчу
Для менчукоў Першая сусветная вайна, як і Другая, доўжылася чатыры гады. Але ў Першую сусветную вайну немцы знаходзіліся ў Мінску ўсяго дзевяць месяцаў, з сакавіка па лістапад 1918 г. Расійскія войскі вялі баі ў Галіцыі, Польшчы, Прусіі, пазней ў Літве, Латвіі, Заходняй Беларусі і Валыні. Менск раптам стаў важным прыфрантавым горадам. Да таго, правінцыйны Менск і Менская губерня былі сапраўднай глухаманню. Галоўным горадам Паўночна-Заходняга краю некалькі стагоддзяў заставалася менавіта Вільня. Але вайна ператасавала ўсе карты.
Вільня засталася ў зоне акупацыі, а Менск выйшаў у тузы. Па-першае, у яго банках знаходзіліся грошы, якія ішлі на вайну. Па-другое, замест Віленскага была створана Менская ваенная акруга. Штаб акругі дыслацыраваўся менавіта ў Менску.
Дваццаць другога кастрычніка 1914 года ў Менск прыехаў цар. Картэж госця, з некалькімі аўтамабілямі, праехаў ад Брэсцкага вакзала да дому губернатара, і выклікаў у горадзе вялізны ажыятаж. Менчукі ва ўсе вочы глядзелі на вялікі і небывалы парад легкавых аўтамабіляў. Нягледзячы на тое, што да таго часу, ў Менску быў уведзены ваенна-паліцэйскі рэжым, подых вайны яшчэ не быў бачны ў горадзе. І толькі ў 1915 годзе, калі заходнія землі (сённяшнія Брэсцкая і Гродзенская вобласці) апынуліся пад германцам, прыйшло ліха…
Перамены, якія прынесла вайна ў Менск
Першай ахвярай сталі турэцкія кавярні. Туркі зачынялі свае прадпрыемствы і крамы, з’язджалі на радзіму. Гэта зразумела, бо Турцыя і Расія апынуліся ў гэтай вайне, па розныя бакі ад лініі фронту. Рэзка ўзрастала роля тэлеграфнай сувязі і тэлеграфістаў. Дабавілася працы ў лекараў і санітараў. Самая вострая праблема – бежанцы, якія павялічылі насельніцтва горада ў два разы. Тады ў Менску аказалася з імі, каля двухсот тысяч жыхароў. Куды было паехаць? На чыгуначных пуцях, у пачатку кастрычніка 1915 года, пад небам у Менску, у час адыхода расійскай арміі, знаходзілася больш чым 13 тысяч чалавек.
Катастрафічна не хапала ежы, людзі галадалі, хварэлі, паміралі. Адчынілася шэсць начных і дзённых прытулкаў для бежанцаў. Таксама адчынілі дзверы платная і дзве бясплатных сталовых.
Горад параненых і сясцёр міласэрнасці
Спакойны Менск пераўтварыўся ў мурашнік. У горадзе размясцілася каля 150 тысяч вайскоўцаў. Тут знаходзіўся галоўны штаб фронта, штабы трох арміяў, праўленне Чырвонага крыжа, іншыя арганізацыі. І яшчэ – параненыя. Да вайны дзейнічаў адзіны ваенны лазарэт – на Шпітальнай. У вайну, лазарэты адчыняліся адзін за адным. У доме губернатара на Саборнай плошчы (цяпер у гэтым гмаху на плошчы Свабоды, 7 знаходзіцца гімназія-каледж) у жніўне 1914 года жонка менскага губернатара адчыніла лазарэт. Ён быў зроблены для хворых і параненых вайскоўцаў. У чыгуначнай бальніцы, якая была на вуліцы Благавешчанскай, таксама знаходзіўся лазарэт, як і ў палацы Чапскага на рагу вуліц Скобелеўскай і Падгорнай (цяпер вуліца К.Маркса і Чырвонаармейскай). Быў пабудаваны лазарэт і на рагу вуліц Даўгабродскай і Шырокай. Тут, на праспекце Машэрава, ваенны шпіталь працягвае працу і па сённяшні дзень.
Факт: усяго ў Менску было аж 25 (!) шпіталяў. У іх знаходзілася каля 9 тысяч параненых. Лазарэты былі “на балансе” Менскага губернскага земскага таварыства, Чырвонага крыжу, а адзін утрымлівала нават імператрыца Марыя Фёдараўна. У Менску і прыгарадзе знаходзіліся шпіталі Курскага губернскага земства, Серафіма Сароўскага, Чырвонага крыжу і інш.
На рагу вуліцы Падгорнай (цяпер Карла Маркса), стаяў гмах, дзе размяшчалася абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага крыжу. Яна была створана ў 1903 годзе па ініцыятыва губернатара Мікалая Трубяцкога. Падчас руска-японскай вайны, мінскія сёстры міласэрнасці займаліся параненымі Самары і Далёкага Усходу. У 1908 годзе жанчыны выязджалі ў беларускія рэгіёны, дзе было шмат пацярпелых ад халеры. У 1910 годзе яны змагаліся з воспай ды тыфам.
А што было з людзьмі простымі?
Ужо ў 1914 годзе пачалі зачыняцца заводы, а ў 1915 годзе, на усход Расіі, былі эвакуіраваны 16 менскіх прадпрыемстваў. Але засталіся і такія, што трансфармаваліся на ваенны лад. Рабочы дзень, у час вайны, складаў чатырнаццаць-шаснаццаць гадзінаў. Умовы працы заслугоўваюць асобнай гісторыі.
У данясенні старэйшага фабрычнага інспектара Менскай губерні, восенню 1916 года, адзначалася: “Большасць прадпрыемстваў ужо спыніліся, і толькі невялікая частка з іх, на ўсходзе губерні, працягвае працаваць зніжанымі і невялікімі тэмпамі. Але рабочыя, колькасць якіх рэзка скарацілася, цэлымі партыямі кідаюць працу. Адныя накіроўваюцца ў вёскі ратаваць свае сем’і, іншыя едуць ва ўнутраныя губерні Расіі, імкнучыся хутчэй выбрацца ў месцы больш спакойныя, і не зважаючы на беды, якія чакаюць іх на новым месцы”.
У Менску з’явіліся нечуваныя да гэтага часу з’явы: спекуляцыя прадуктамі і вялікія чэргі за імі. Менчукам катастрафічна не хапала дроваў. Кошты на іх выраслі больш чым у сем разоў. Напаткалі Менск і жахлівыя эпідэміі… Газеты адзначалі ў 1917 годзе наступнае: “Распаўсюджанне ў Менску венерычных захворванняў… Цяпер у горадзе яны маюць надзвычайныя памеры. У асноўным сіфіліс б’е ўсё рэкорды ў захворваннях. Прыёмныя лекараў-венеролагаў перапоўненыя. У сувязі з тым, што іх прызываюць у войска, Менск можа лішыцца і гэтых лекараў, таму тут стварылася даволі небяспечная сітуацыя для ўсяго насельніцтва Менска”. Упалі маральныя каштоўнасці…
Рэвалюцыя і акупацыя. Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
У Менск прыйшоў 1917 год. Якія толькі прамовы тут не гучалі, хто толькі не прыязджаў сюды, горад стаў адным з цэнтраў рэвалюцыйных падзей на захадзе імперыі – Керанскі, Карнілаў, Брусілаў, Гучкоў, Радзянка… У нашым горадзе з’явілася нават некалькі цэнтраў улады. Гэта і Камітэт грамадскай бяспекі на чале з Б. Самойленка (пазней ён стаў прадстаўніком Часовага ўрада), што ўзяўся за раззбраенне паліцыі і стварэнне народнай міліцыі на чале з бальшавіком Фрунзе. Гэта і Саветы рабочых дэпутатаў, куды ўваходзілі і бундаўцы. Гэта і цэнтр беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху БСГ, што стварыў Нацыянальны камітэт на чале з Скірмунтам. Таксама ў Менску была створана Беларуская краёвая рада, якая павінна была стаць найвышэйшым органам улады ў будучай аўтаномнай Беларусі, у складзе Федэратыўнай Расійскай рэспублікі. Увогуле, кожны дзень нёс яркія падзеі.
Перад заключэннем сепаратнага Брэсцкага міру Германіі з Расіяй, кайзераўскія сілы распачалі наступленне на Заходнім фронце. У канцы лютага 1918 года Мінск акупавалі нямецкія войскі. Вольнасцю ад маскоўскага ярма скарысталіся прабеларускія сілы, паспеўшы аб’яднацца паміж сабой і стварыць Беларускую Народную Рэспубліку (БНР).
Цяпер, у найноўшай Беларусі, у гонар БНР, 25 сакавіка свядомы беларускі народ адзначае Дзень Волі. 25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Менску Рада БНР прыняла Трэцюю статутную грамату, у якой БНР абвяшчалася свабоднай і незалежнай дзяржавай! Рада БНР абвяшчала, што Брэсцкая мірная дамова, што была падпісана бальшавікамі і немцамі, страчвае моц, таму прапанавала пераглядзець яе ўмовы. Немцы ж адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага Сакратарыята, а пасля і яе забаронай. Аднак органы новай ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля і ў эміграцыі. Так па сённяшні дзень у Канадзе існуе Рада БНР, якую ўзначальвае Івонка Сурвіла. Цікавы факт: 3-я статутная грамата Рады БНР, якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі, была прынята раніцай 25 сакавіка на адмысловым паседжанні Рады ў Менску, у будынку, па адрасу Серпухаўская, 9 (зараз гэта Валадарскага, 9). Як успамінаў адзін з удзельнікаў, спадар Іван Станкевіч, некаторыя члены Рады БНР не змаглі схаваць свайго хвалявання, а ў старшыні — Івана Серады — дрыжалі рукі. Калі ж 3-я статутная грамата была прынята, у гэты момант узыходзіла сонца. Сімвалічна.
Па ўспамінах Канстанціна Езавітава, склад Першага ўраду БНР быў наступным: Іосіф Варонка — старшыня (прэм’ер-міністр), але і народны сакратар (міністр) міжнародных справаў; Іван Макрэяў — міністр унутраных справаў, Алесь Смоліч — адукацыі, Яфім Белевіч — міністр справядлівасці (!), Іван Серада — народнай гаспадаркі, У. Радзько — пуцей адносінаў, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, Аляксандр Карач — пошты і тэлеграфа, Пётр Крычэўскі — кантролю, Гелій Белкінд — фінансаў, Павел Злобін — велікарускіх справаў, Мойша (Маісей) Гутман — «першы таварыш» (першы намеснік) старшыні і сакратар яўрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар (ён і міністр ваенных спраў), Лявон Заяц — намеснік справамі ўрада (Народнага Сакратарыяту). У далейшым склад першага ўрада мяняўся, у тым ліку з-за таго, што ў красавіку 1918 г., у знак пратэсту супраць прыняцця 3-й статутнай граматы, падалі ў адстаўку Белкінг, Макрэяў, Злобін, Радзько. Цікавы факт – аснову першага Ураду БНР складалі сацыялісты.
Але не ўсё было гладка. Спрэчкі, розныя бачанні і меркаванні, адсутнасць фінансавай стойкасці і добрай міжнароднай падтрымкі – бадай, гэта і зламала едны дух бацькоў БНР. У выніку быў створаны другі ўрад БНР (старшыня Рады – Язэп Лёсік), пасля трэці (старшыня Іван Серада) і чацвёрты (Рада народных міністраў пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча), далей, у працэсе расколаў і працы ў эміграцыі ствараліся пяты, шосты, сёмы і восьмыя ўрады.
А што ж тады ў 1918 годзе адбывалася ў Менску? Гаспадаром становішча ў горадзе стаў штаб Дзесятай германскай арміі пад камандаваннем фон Фалькенгайна.
Ён правёў на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) ваенны парад. Немцы распусцілі Мінскі Савет і арыштавалі яго членаў. Замест Саветаў былі адроджаны гарадская дума, паліцыя. У абарот былі ўведзены новыя грошы, акупацыйныя “острублі”, ды і ўласна нямецкія грошы, маркі і пфеннінгі. Быў узяты на ўлік запас прадуктаў харчавання, уведзены штрафы да дваццаці тысяч марак за не паведамленне аб запасах. Таксама часта здараліся выпадкі рабавання немцамі мясцовага насельніцтва. Пры ўсім гэтым, асобых зверстваў за акупантамі не было.
Але ў канцы 1918 году сітуацыя раптоўна змянілася – у Германіі пачалася Лістападаўская рэвалюцыя, улада Кайзера капітулявала. Разам з гэтым, вайне была пастаўлена кропка, немцы пачалі вяртацца дадому. Масква дзейнічала маланкава – дзесятага снежня 1918 году, у Менск уступілі часткі Чырвонай арміі. Тое, што пачалі рабіць бальшавікі ў 1919 на нашай зямлі – асобная размова… Час БНР быў завершаны.
Нягледзячы на незлічоныя разбурэнні, заняпад гаспадаркі, хвалю беспрацоўя, голад, эпідэміі, Менск цалкам не згінуў. Пасля абвяшчэння новай краіны БНР у Менску, для кіраўнікоў новай Расіі паўстала каштоўнасць і значнасць Мінска, у першую чаргу, як важнага фарпоста на заходніх межах. Калі раней культурным ды адміністрацыйным цэнтрам нашага краю была Вільня, як старажытная сталіца Вялікага княства Літоўскага, то цяпер з цені на свет выйшаў раней не прыкметны горад Менск.
Да стагоддзя абвяшчэння Незалежнасці БНР, Дня Волі і Свабоды, сапраўднага свята Беларушчыны засталося 7 дзён!