Якім было «Свята Незалежнасці» у Мінску

25 сакавіка, у гонар 100 годдзя абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, дэмакратычная супольнасць ладзіла шэраг святочных мерапрыемстваў, самым галоўным і маштабным стаўся канцэрт ля Опернага.   

А 12 гадзіне мусіла пачацца шэсце ад плошчы Якуба Коласа да пляцоўкі Опернага тэатра, акцыю рыхтаваў вядомы апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч са сваімі прыхільнікамі. Але ўлады адмовілі яго ініцыятарам у санкцыі. Нягледзячы на гэта, “Дзень Волі” мусіў адбыцца і без афіцыйнага дазволу. 

Улады адказалі жорстка. Статкевіч, як і некаторыя іншыя палітычныя дзеячы, былі гвалтоўна затрыманы яшчэ да пачатку акцыі. У цэнтр сталіцы была сцягнута вялікая колькасць міліцэйскай тэхнікі, задзейнічаны ўнутраныя войскі.

З 12 гадзіны на плошчы Якуба Коласа пачаўся кропкавы хапун – міліцыя хапала ўсіх патэнцыйных удзельнікаў і зацягвалі ў аўтазакі. Паводле звестак журналістаў было затрымана каля 70 чалавек, у тым ліку і праваабаронцы, якія прыйшлі сюды каб сачыць за працэсам акцыі. Паведамляецца аб даволі жорсткім абыходжаннем у аўтазаках і ў аддзяленні міліцыі з затрыманымі, асабліва з дзяўчатамі. 

Быў затрыманы нават праваслаўны святар. 

З 13 па 19 гадзіну на пляцоўцы ля Опернага тэатра ладзілася альтэрнатыўнае святкаванне Дня Волі – у выглядзе культурна-забаўляльнага фэста “Свята Незалежнасці”. Гэтае мерапрыемства было санкцыянавана ўладамі, больш таго, Мінгарвыканкам узяў на сябе выдаткі на санітарнае абслугоўванне, ахову правапарадку. Такі фармат для акцыі 25 сакавіка – упершыню. 

Уваход на тэрыторыю свята – праз металашукальнікі і міліцэйскі дагляд. 

З вітальным словам на сцэне – арганізатары імпрэзы, ганаровыя госці, кіраўнік партала тут.бай Юрый Зісер, музыкі: «Мутнае Вока», «Акутэ», «Дай дарогу», гурт «Крама», Кася Камоцкая, Пятро Клюеў, «Дзецюкі», Адэля Вольская, спеўны сход з гімнам БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Вітальнае слова зачытваюць ад заходніх дыпламатаў, старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, Нобелеўскай лаурэаткі Святланы Алексіевіч, беларускіх дыяспар замежжа. 

Вакол Опернага ўтварыўся сапраўдны дэцэнтралізаваны фестываль – на сцэне выступаюць музыкі, у іншым месцы дзейнічае забаўляльная пляцоўка для дзяцей, а ў іншым куце – чарга за фастфудам ды гарачай гарбатай. 

Каля рамеснікаў ды гандляроў нацыянальнай сімволікі – чэргі. Сярод іх – вядомы грамадскі актывіст Павел Вінаградаў, які прадаваў святочныя пернікі.    

У «Свяце Незалежнасці» прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Паводле самых аптымістычных ацэнак незалежных СМІ – 50.000 чалавек, партал тут.бай назваў лічбу 5.000-7.000 чалавек, афіцыйных звестак па колькасці ўдзельнікаў з МУС РБ няма. Паводле ацэнкі прэс-службы «Альтэрнатыва» у «Свяце Незалежнасці» на працягу дня прыняло ўдзел да 20.000 чалавек. Фотаздымак з дрону ад незалежных СМІ: 

Варта адзначыць, выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі было дазволена толькі на тэрыторыі пляцоўкі Опернага тэатра. У СМІ зафіксаваны выпадкі, калі ўдзельнікі выходзілі за межы фэсту з сімволікай і былі гвалтоўна затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. 

У «Свяце Незалежнасці» даволі актыўны ўдзел прынялі і актывісты «Альтэрнатывы», якія апроч сімволікі, зрабілі акцэнт на святочных плакатах, а таксама, плакатах, што заклікаюць беларускае грамадства да большай кансалідацыі, рашучасці і актыўнасці ў адстойванні ідэалаў свабоды. 

Асаблівых эксцэсаў непасрэдна на тэрыторыі фэсту зафіксавана не было. Выключэнне – праблемы з мабільнай сувяззю. Верагодна, сувязь блакавалася мэтанакіравана, каб перашкодзіць жывую трансляцыю канцэрту праз інтэрнет, а таксама зрабіць перашкоды для сувязі паміж удзельнікамі акцыі.      

Завяршыўся Дзень Волі нечаканасцю – усе затрыманыя напярэдадні 25 сакавіка ў Минску, а таксама затрыманыя непасрэдна ў гэты дзень былі вызваленыя, апроч таго, асноўная частка адміністрацыйных спраў, наўпрост, зачынена!

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў сёлетняе святкаванне Дня Волі драматычным:

— Усяго па Беларусі было затрымана больш за 100 асобаў. Затрымлівалі прэвентыўна. Затрымлівалі незаконна. Ці падчас спробы выезду ў Мінск на святкаванне. Ці проста так. Багата за кім проста сачылі, ездзілі машыны, глядзелі, дзе знаходзяцца людзі. Бачна, што ўсё ж такі гэтае святкаванне ў нас ішло сапраўды са слязьмі на вачах. Не так яно гладка і хораша адбывалася, як хацелася б.   

  

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.