Нечаканыя ўражанні беларускай падарожніцы ад наведвання кафэ ў глухім райцэнтры на Магілёўшчыне.
На фоне загадкавых падзей звязаных з сыходам «Макдональдс» з Беларусі, захацелася звярнуцца да нашых мясцовых прадстаўнікоў сектара хуткага харчавання. Раптам у бліжэйшы час давядзецца здавольвацца толькі імі…
Узгадваючы стравы, якiмi можна хутка перакусiць ў Беларусi, першымі ў галаву прыходзяць бяляшы, златкi i, канешне, смажанкi. Асацыятыўны шэраг працягваецца кiёскамi «Хутка-смачна», якiя, нажаль, некалькi гадоў таму спынiлi сваё iснаванне. Наступнымi на думку прыходзяць кіраўскія смажанкі, пра якія ў апошні час з гонарам распавядаюць многія. Кажуць, што іх прадукцыя стала вядомай нават за межамі Беларусі.
У адзін самотны снежаньскі дзень я вырашыла узяць курс у Кіраўск, дзе знаходзіцца тое самае славутае кафэ, і самой паспрабаваць іх кухню.
Прамых маршрутаў са сталіцы ў Кіраўск няма, таму лепей дабірацца спачатку да Бабруйска. Ня дзіўна, што гэты горад называюць цэнтрам сусвету! З аўтавакзала ў Кіраўск адпраўляюцца маршруткі, ехаць усяго 40 хвілін.
Па прыездзе сюды доўга шукаць запаветнага кафэ не спатрэбілася. Размешчана яно побач з будынкам аўтавакзала, што, відаць, грае на руку яго папулярнасці. Не губляючы ні хвіліны, я заходжу ўнутр, прапускаючы пры гэтым некалькі чалавек, якія ўжо выходзяць з кафэ з поўнымі пакетамі смажанак у руках.
Увайшоўшы, адразу звяртаю ўвагу на тое, што свабодных месцаў у кафэ амаль няма, а да прылаўка стаіць ладная такая чарга. Перад вачыма ўсё так, як пісалі ў шматлікіх артыкулах пра гэтае месца. Прыехала я, дарэчы, сярод працоўнага тыдня, у сераду ў гадзіну дня. Заняўшы чаргу, вывучаю асартымент. Смажанкі прадстаўлены ажно ў чатырнаццаці варыянтах. Апроч класічных з мясам, ёсць не толькі вегетарыянскія з гароднінай, але і смажанкі з крэветкамі, кальмарамі, тварагом і яблыкамі. Кожная назва і склад прадубліраваны на ангельскай мове.
Нарэшце, падышла мая чарга, замаўляю дзве смажанкі, з вяндлінай і з тварагом. Адну планую з’есці на месцы, другую забраць дадому. Пакуль я стаяла ў чарзе, падносы з смажанкамі абнаўлялі два разы, попыт відавочна вялікі, таму ўсё вельмі свежае, як той казаў, проста з печы. Абслугоўванне таксама прыемна здзівіла, усе дзяўчаты вельмі мілыя, працуюць хутка, усміхаюцца і жартуюць. На нейкі час я нават забылася, што я ў дзяржаўнай установе грамадскага харчавання ды яшчэ ў правінцыі.
Урэшце рэшт, доўгачаканыя смажанкі ў мяне ў руках. Адну з іх я спрабую на месцы, другую вырашыла забраць дадому, каб параўнаць густ “на месцы” і “з сабой”.
І вось мой вердыкт — кіраўскія смажанкі гэта вельмi смачна! У іх выдатна ўсё: сакавіта, смачна, ідэальны баланс цеста і начыння. Той выпадак, калі саўпалi чаканне і рэальнасць. Я нават пашкадавала, што ўзяла толькі дзве.
То бок, будзеце праездам у Кіраўску, абавязкова наведайце «Кіраўскія смажанкі».
Плануйце свае новыя падарожжы па Беларусі, памятайце пра смажанкі, і смачна есцi!
Наста Бату
Даведка. «Смажанка» належыць дзяржаве ў асобе раённага спажывецкага таварыства. Кафэ працуе штодзень з 8 раніцы да 24.00, па панядзелках з 8.00 да 22.00.
Кіраўск — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кіраўскага раёна, месціцца на рацэ Ала. Да 1934 года мястэчка называлася Качэрычы.