Сёння, 25 красавіка, у Беларусі адзначаецца Дзень памяці продкаў – Радаўніца.
У той дзень, калі прынята наведваць могілкі адышоўшых у вечнае жыццё людзей, мы вырашылі звярнуць увагу на старадаўнія і ўжо закінутыя могілкі нашых прашчураў.
Мінская вобласць, Крупскі раён, маршрут Новае Жыццё – Выдрыца, шлях ідзе праз лес, побач рэчка Бобр. Па дарозе – рэшткі былых хутароў і памятны камень аб былым знаходжанні тут вёскі Шырнавічы. Непадалёк адгэтуль і месцяцца старадаўнія могілкі. На ніводнай геаграфічнай карце гэтае месца не абазначана адпаведным чынам. Месца не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ды ўвогуле амаль нікім у нашыя часы не даследавалася.
Ужо ніхто дакладна не скажа, хто тут і калі быў пахаваны. Верагодна, тут хавалі мясцовых жыхароў. На ўсіх камянях не захавалася аніякіх звестак аб нябожчыках. Паводле меркаванняў мясцовых краязнаўцаў і гісторыкаў, тутэйшыя пахаванні датуюцца часамі Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы ад 16 стагоддзя і завяршаюцца пачаткам 20 стагоддзя.
Цікавая карціна: на ўваходзе на могілкі два дрэвы стварылі кампазіцыю ўваходных варот. Па сярэдзіне тэрыторыі пахаванняў стаіць абгарэлае дрэва – ахвяра маланкі. Усё навокал стварае атмасферу месца ціхага і адасобленага, некранутага і загадкавага.