Як у Вязынцы гукалі вясну

26 сакавіка ў мемарыяльным запаведніку “Вязынка” ужо па традыцыі гукалі вясну. Якія наконт вясны планы ў прыроды сказаць цяжка, але вясну ў душах усіх прысутных абудзіць атрымалася дакладна.

Нядзеля, раніца, за акном шэра, але калі адчыніць фортку і выткнуць твар надвор, адчуваеш цеплыню вясновага паветра. Духмяная кава ўзбадзёрвае, а прадчуванне свята падштурхоўвае хутчэй выходзіць з хаты, не гледзячы на шэрасць.


Пяцьдзесят дзве хвіліны на электрычцы і ты на месцы. Мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, месца дзе нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала і дзе ўжо па традыцыі што год праходзіць “гуканне вясны”.


І вось ты ідзеш па запаведніку, вакол цябе дзяўчыны і хлопцы ў беларускіх строях, паўсюль гучыць родная беларуская мова, дрэвы ўпрыгожаны рознакаляровымі стужкамі і птушкамі. Кірмаш з упрыгожваннямі, кнігамі, мёдам, вырабамі з дрэва і гліны, музыкі граюць мелодыі, ад якіх ногі самі просяцца ў скокі і ніхто іх не стрымлівае.


І вось у адзін момант пад час чарговай загукальнай песні над карагодам з некалькіх дзясяткаў чалавек шэрыя аблокі разыйшліся і ўсіх асвяціла цёплае вясновае сонца. Нагукалі!


Усе шчаслівыя, ладзяць пікнікі, танчаць, спяваюць, сустракаюць добрых знаёмых, абдымаюцца, узнімаюцца на арэлях, вучацца варыць сыр.


Канешне, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, гэта ўсім вядома. Таму, калі вы прапусцілі гуканне вясны ў Вязынцы, глядзіце, як гэта было і ў наступным годзе абавязкова далучайцеся.

Фотаматэрыялы: 

Бадай, гэта першае ў гэтым годзе масавае народанае свята. І дававолі пазітыўнае  

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.