А вы калі-небудзь бачылі беларускую русалку? А такія, згодна старадаўнім павер’ям, жывуць зусім побач.
Русалкі ў беларускай міфалогіі — заўчасна памерлыя маладыя дзяўчаты або тапельцы, а часам памерлыя нехрышчонымі дзеці. Русалка — міфалагічная істота, якая жыве ў лесе або ў полі, у тых месцах, дзе няма людзей. Гэта дух, звязаны з расліннасцю, вегетацыяй і ўраджайнасцю. Найбольш актыўныя русалкі ў перыяд наліву каласоў, паспявання ўраджаю.
Лічыцца, каб русалка не нашкодзіла чалавеку і не сапсавала ўраджай, нашы продкі на поўдні краіны праводзілі абрад “Провады русалкі”. Эпіцэнтрам бытавання русальных абрадаў была тэрыторыя беларуска-руска-ўкраінскага памежжа. Згодна традыцыі, русалку праводзяць у першую нядзелю пасля Тройцы, увечар, да заходу сонца. Дзяўчаты і жанчыны збіраюцца на паляне, плятуць вянкі: маленькія і адзін вялікі. На ролю русалкі выбіраецца дзяўчына з доўгімі валасамі. Яе ўпрыгожваюць галінкамі дрэў з лісцем, кветкамі. Потым удзельнікі абраду ідуць па вёсцы ў бок поля. Жанчыны спяваюць русальныя песні, нясуць за русалкай вялікі вянок. На краі поля распальваюць вогнішча, водзяць карагоды, спяваюць песні, асвячаюць зеляніну. А потым усе ахвочыя разрываюць вялікі вянок на часткі. Тым часам русалка ўцякае ў жыта, а моладзь гоніцца за ёй для таго, каб сарваць з русалкі ўсю зеляніну. Гэтая зеляніна, як і галінкі асвечанага агнём вянка, валодаюць магічнай сілай: жыхары вёскі іх нясуць на свае агароды, каб сёлета быў добры ўраджай. Завяршаецца свята скокамі праз вогнішча, якое, як вераць палешукі, валодае ачышчальнай сілай.
Падобны на такі традыцыйны абрад пад назвай “Ваджэнне русалкі” адбыўся 6 ліпеня ў Лагунах, што ў Добрушскім раёне Гомельшчыны. Дапамагаць мясцовым жыхарам прыехаў ансамбль з Дома культуры суседняй вёскі Насовічы, а таксама дзяўчыны са спеўнай суполкі веткаўскага музея.
На гэтае свята завітала і “Альтэрнатыва”, зрабіўшы адмысловы фотасэт. Ласкава прадстаўляем фота і відэа з гэтай падзеі:
Кароткае відэа, якое перадае атмасферу гэтага свята: