Як Мінск змяніўся за апошні год, photoset

8 верасня, калі беларуская сталіца святкуе традыцыйны Дзень горада, рэдакцыя “Альтэрнатывы” вырашыла прыгадаць, што за гэты апошні год візуальна змянілася ў горадзе?  

Нягледзячы на шматлікія сацыяльна-эканамічныя і палітычныя абставіны, Мінск працягвае развівацца і рабіцца яшчэ больш сучасным, мабільным і цікавым. І адбываецца гэта не толькі па ініцыятыве чыноўнікаў, але і дзякуючы намаганняў крэатыўных творцаў, грамадскіх лідараў, культурных дзеячоў ды неабыякавых бізнесоўцаў. 

Давайце ўзгадаем, што ж адбылося ў горадзе за гэты час! 

Нарэшце, пасля доўгай рэканструкцыі адкрыўся галоўны спорткомплекс усёй краіны – лёгкаатлетычны стадыён Дынама. Цяпер Мінску будзе не сорамна прымаць шматлікія спартовыя спаборніцтвы, сярод іх – будучыя “Еўрапейскія гульні’2019”, што пройдуць у чэрвені наступнага года. Змяшчальнасць трыбунаў цяпер складае 22.234 чалавек. 

У цэнтры беларускай сталіцы з’явіўся пешаходны анклаў. Ён закранае Рэвалюцыйную вуліцу і частку вуліцы Камсамольская, што вядзе ў бок Нямігі. За рэканструкцыю вуліц адказвала КУП “Мінская спадчына”. Чысценька, роўненька, ёсць дзе пасядзець. Але не ўсё так шыкоўна. Так ў інтэрнэце было шмат спрэчак і зваротаў да “Мінскай спадчыны” і іншых дзяржаўных устаноў адносна якасці добраўпарадкавання пешаходных вуліц, гучалі прэтэнзіі да завышаных коштаў на набыццё дэкаратыўных элементаў і г.д. Апроч таго, аказалася, што ёсць сур’ёзныя праблемы з ліўневай каналізацыяй – падчас дажджоў гэтыя вуліцы пераўтвараліся ў Венецыю, але з айчынным каларытам.        

У спальных раёнах працягнуліся працы па стварэнню хуткасных роварных дарожак, у цэнтры горада пачалі з’яўляцца новыя паркоўкі для ровараў. Вось такую паркоўку усталяваў сталічны метрапалітэн ля станцыі метро “Няміга”: 

УП “Мінскэнерга” парадаваў горад скульптурнымі кампазіцыямі з прыгожай ілюмінацыяй. У Малінаўцы ўсталявалі вялікага зубра, ля Захаду – ласёў, на плошчы Якуба Коласа – колас. Асабліва прыгожымі яны робяцца ў вечаровы час, калі на іх запальваецца вялікая колькасць лямпачак.

У спальным мікрараёне Каменная Горка пачалі з’яўляцца ноў-хаў апараты з ачышчанай вадой. Усталёўваюць такія апараты наўпрост ў жылых будынках, адкуль і паступае звычайная вада, але яна праходзіць праз 8 спецыяльных фільтраў. 1 літр такой вады каштуе 15 кап. Для параўнання, гэта ў 2 разы танней, чым набываць ваду ў крамах. Адзінае пытанне – наколькі можна давяраць гэтым фільтрам, ці якасна яны ачышчаюць ваду з-пад крана. Дарэчы, ідэя інавацыйных апаратаў належыць расійскай кампаніі, у Беларусі гэта філія называецца "Жывая вада Беларусь".    

Звычайныя шэрыя будынкі працягваюць упрыгожваць крэатыўным манументальным мастацтвам. У якасці мастакоў звычайна запрашаюцца дасведчаныя госці з іншых краін, сродкі для рэалізацыі мурала збіраюцца праз нацыянальныя краудфандынгавыя платформы. Напрыклад, такі твор цяпер упрыгожвае шматпавярховік па вуліцы Ляшчынскага, што ў мікрараёне Кунцаўшчына (аўтар Фінтан Мэгі, Аўстралія):

У гонар 100-годдзя БНР, улады пагадзіліся адкрыць у парку Янкі Купалы памятны камень братам Луцкевічам, дзе некалі знаходзіўся іх дом. Луцкевічы – тыя асобы, каго смела можна лічыць айцамі беларускай дзяржавы, заснавальнікамі беларускіх газет і беларускага школьніцтва!  

Хацелі як лепей, але нешта пайшло не так. Сапраўдным мемам сярод прадзвінутага грамадства стала афарбоўка ў жоўты колер класічных грэка-рымскіх вазаў на балюстрадзе ўздоўж праспекта Незалежнасці. У сацыяльных сетках можна было пачуць і такое: «Вайна жоўтавазачнікаў і белавазачнікаў пачалася. Калі ты сапраўдны менчук, насі жоўтае гэтым летам. Ударым аптымізмам па класіцызме!». Як сцвярджала адказная камунальная служба ГПО «Горремавтодор», вазам хацелі надаць пазалочаны колер, але жоўтая фарба аказалася больш насычанай, таму вазы атрымалі крыху іншы выгляд. Такія вазы з яркім жоўтым колерам упрыгожваюць галоўны праспект сталіцы па сённяшні дзень.

 
Нешта знаходзім, нешта губляем. Не ўсе творчыя кампазіцыі знайшлі разуменне сярод грамадства. Так на культуралагічнай вуліцы Кастрычніцкай літаральна тыдзень таму невядомыя асобы знішчылі твор мастака Ігара Стахіевіча (Bazinato), які многія мінчукі ўспрымалі неадназначна. 

  

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.