Шэраг дэмакратычных арганізацый ды палітычных партый рыхтуюцца да арганізацыі святкавання 25 сакавіка 100 год з падзеі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Без спрэчак і нязгод не абыходзіцца, нават у такой справе.
У сацыяльных сетках да гэтага часу не сціхаюць дыскусіі і разважанні пасля публікацыі радыё Свабода відэатрансляцыі з паседжання ўдзельнікаў арганізацыйнага камітэта па святкаванню Дня Волі. Спасылка: https://www.youtube.com/watch?time_continue=10356&v=DiMJVWb2j3g. Тут адбыліся асноўныя спрэчкі паміж палітычнымі суб’ектамі. Спачатку ў цэнтры абмеркавання стала неафіцыйная прапанава да аргкамітэту з боку чыноўнікаў – правесці святочныя мітынг і канцэрт у парку імя Янкі Купалы або каля Оперы ў Мінску. Гэтае пасланне было перададзена Рыгору Кастусёву – кіраўніку партыі БНФ, якога адмыслова і запрасілі на размову ў Мінгарвыканкам.
Падчас абмеркаванняў на паседжанні аргкамітэту, Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч схіляліся да таго, што пагадзіцца з канцэртам – не дрэнны варыянт. Той жа думкі прытрымліваліся ініцыятыўныя маладзёны – Павел Белавус з «Арт-Сядзібы», блогер Эдуард Пальчыс і некаторыя іншыя. Супрацьлеглае меркаванне мелі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык. Яны настойвалі, што без шэсця Дня Волі быць не можа. Нейтральную пазіцыю спрабаваў заняць адзін з лідараў БХД Павел Севярынец.
Хроніка падзей.
26 лютага, пасля нефармальнай сустрэчы Рыгора Кастусёва з прадстаўнікамі сталічнай мэрыі, стала вядома, што ўлады не супраць дазволіць акцыю 25 сакавіка ў цэнтра сталіцы, але з папраўкамі. Замест кропак збору для мітынгу на плошчы Якуба Коласа і плошчы Свабоды, шэсця па праспекту Незалежнасці, быў прапанаваны кампрамісны варыянт – пляцоўка у парку імя Янкі Купалы або каля будынка Оперы і Балета, але без шэсцяў.
Таксама стала вядома, што Мінгарвыканкамам прапанавана за кошт горада забяспечыць арганізацыйныя патрэбы: ахова, медыкі, біятуалеты, гукаўзмацняльнае абсталяванне. Прапанавана ўсталяванне шыльды на Валадарскага, 9 і памятнага знака ў гонар братоў Луцкевічаў у скверы Янкі Купалы. Дадзеная прапанова прагучала ў вуснай форме, на паперы якіх-небудзь пацверджанняў гэтаму няма.
27 лютага адбылося паседжанне аргкамітэту па святкаванню 100-годдзя БНР, дзе і адбыліся асноўныя спрэчкі ў вызначэнні фармату акцыі ды ў іншых пытаннях адносна арганізацыі і правядзення мерапрыемства.
28 лютага Мінгарвыканкам даслаў афіцыйную адмову ў правядзенні шэсця і мітынгу. Прычынай адмовы стала фармальная хіба – наяўнасць у аднаго з падпісантаў (Вольга Кавалькова) заяўкі адміністрацыйнага правапарушэння ў 2017 годзе.
Пасля гэтага рашэння, даволі аператыўна, у гэты ж дзень была пададзена новая заяўка на дазвол у правядзенні акцыі ля будынка Нацыянальнага Опернага тэатра і балета. Заяўку падалі прадстаўнікі пяці арганізацый – Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», АГП, БСДП (Грамада) і асветніцкай ўстановы «Амарока» . Заяўнікі просяць дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту каля Опернага тэатра Беларусі 25 сакавіка з 15:30 да 20:00.
Ініцыятараў арганізацыі шэсця, а гэта Статкевіча, Сіўчыка, групоўкі «Еўрапейская Беларусь», наўпрост, у гэтым звароце няма.
Тым часам да арганізацыі святочнага канцэрта ля Опернага тэатра далучыліся кіраўнік «Арт-сядзібы» Павел Белавус, блогер Эдуард Пальчыс, гарадскі актывіст Антон Матолька. У выпадку станоўчага адказу чыноўнікаў, маладыя людзі плануюць узяць на сябе асноўныя высілкі па лагістыкі святочнага мерапрыемства.
Відавочна, не зважаючы на рашэнне ўлады адносна месца і фармата акцыі 25 сакавіка, беларуская дэмакратычная свядомая супольнасць будзе адзначаць гэты дзень вольна і свабодна, на вуліцах і плошчах Мінска ды іншых беларускіх гарадоў! Гэтая важная падзея, замацаваная нашымі рашучымі продкамі, ніколі не будзе забытая, святу – быць!