Піва па 2 рублі, шашлык і каўбаскі-грыль, шматлікія прысмакі і закускі, сонечнае надвор’е, дыскатэка 90-х, караоке, хіты айчынных музыкаў – гэта зрабіла фэст “Хмельноў” масавым і святочным.
5 жніўня ў Мінску ля пляцоўкі стадыёна “Трактар” пры падтрымцы “Еўраопт” адгрымеў піўны фестываль “Хмяльноў фэст”. Апроч піўных застолляў і выступу музыкаў, яго праграму дапоўнілі спартовыя спаборніцтвы, рыбная лоўля, фудкорт і майстар-класы па шыкоўнаму гатаванню ежы.
Паводле падлікаў нашай прэс-службы, на мерапрыемства на працягу дня завітала каля 10 тысяч чалавек. Аб бяспецы і камфорце наведвальнікаў арганізатары паклапаціліся – на ўваходзе дзейнічаў міліцэйскі кантроль з дапамогай металашукальнікаў, праз кожныя 150 метраў размясцілі шэраг біяпрыбіральняў, на ўсёй тэрыторыі месціліся інфармацыйныя стэнды з мапай усіх падзей фестывалю.
Нечакана, адна сувенірная лаўка прапаноўвае набыць кубкі з выявай Пуціна і прапагандысцкімі заклікамі. У кампанію да іх кубкі з самым чэсным прэзідэнтам.
Трэба зняць буру эмоцый пасля агляду кубкаў? У 15 метрах ад гандлёвых месцаў сапраўдны рэлакс – лазня з масажам!
Эпіцэнтр падзеі – музычная пляцоўка, на сцэне якой выступілі гурты “Дразды”, “Leon’s”, хэдлайнерам – “Крамбамбуля”. Бадай, апошні гурт і стаў асноўным завадатарам свята, падчас выступу ў натоўпе нават быў узняты бел-чырвона-белы сцяг.
Калі не параўноўваць якасць тутэйшага піва з нямецкім, заплюшчыць вочы на некаторыя дробныя хібы, можна смела канстатаваць – свята выйшла як трэба!