Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаурэатам Нобелеўскай прэміі міра!
Гэта другая Нобелеўская ўзнагарода за гісторыю Беларусі. Першую ў 2015 годзе ў галіне літаратуры атрымала пісьменніца Святлана Алексіевіч.
Сёлета Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму і прадстаўнікам праваабарончых арганізацый Расіі (“Мемарыял”) і Украіны (“Цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў”).
Лаўрэатаў прэміі міру абʼявілі ў Осла 7 кастрычніка. Прызавы фонд за гэтую намінацыю, як і за іншыя, складае дзесяць мільёнаў шведскіх крон (каля $900 тысяч).
Варта адзначыць, што цяпер кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі з ліпеня 2021 года разам са сваімі паплечнікамі знаходзіцца за кратамі. Кіраўніца Нобелеўскага камітэту ў Осла заявіла, што камітэт гэтай узнагародай звяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага і тысячы іншых палітвязняў у Беларусі.
“Нарэшце, файная навіна ў цяперашні змрочны час! Усё гэта цуд і неверагоднасць, што ў Еўропе не забыліся пра нас і даюць такую высокую ацэнку. Алесю, як і ўсім іншым палітычным зняволеным, пазітыўнага настрою і невычэрпных сілаў, хутчэйшага вызвалення на Свабоду!”, — каментуе падзею лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
Архіўныя фота “Альтэрнатывы”, акцыя за вызваленне Бяляцкага:
Мінск, пераход станцыі метро Плошча Якуба Коласа