Віцебскім вуліцам – гістарычныя назвы

20 красавіка ў Віцебску актывісты «Альтэрнатывы» прыступілі да збору подпісаў пад зваротам у Віцебскі аблвыканкам з прапановай размясціць у гістарычным цэнтры горада шыльды з пералікам іх спрадвечных назваў.

Ініцыятары звароту просяць гарадскія ўлады ўсталяваць шыльды з пералікам іх гістарычных назваў на вуліцах, якія знаходзяцца ў цэнтры горада. Прапанова тычыцца 14 вуліц, 1 праспекта і 1 плошчы. Сярод іх наступныя вуліцы: Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольская, Рэвалюцыйная, Кастрычніцкая, Пушкіна, Путна, Камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкая, Кірава, Шубіна, а таксама праспект Фрунзэ і плошча Леніна.

Збор подпісаў ажыццяўляўся ў цэнтры горада, працэс прайшоў без якіх-небудзь інцыдэнтаў. Паводле слоў удзельнікаў акцыі, пераважная частка грамадзянаў даволі пазітыўна рэагавала на дадзеную ідэю, пры гэтым, больш за ўсё свае подпісы ставілі маладыя людзі. Для шмат каго з іх стала адкрыццём, як звыклыя назвы вуліц зваліся ў ранейшыя часы.

«Мы лічым, што ўсталяванне такіх шыльдаў дапаможа Віцебску ў захаванні яго гістарычнага аблічча, будзе выразна падкрэсліваць яго мінулае, а таксама будзе перадаваць пэўныя культурныя асаблівасці горада і былыя традыцыі яго жыхароў. Упэўненыя, што гэта дапаможа палепшыць турыстычную прывабнасць, павялічыць цікавасць грамадства да нацыянальнай гісторыі і культуры», – каментуе ідэю адзін з ініцыятараў звароту.

Актывісты ўжо сабралі больш 200 подпісаў віцяблянаў, і плануюць у перыяд бліжэйшых 3 тыдняў сабраць яшчэ парадку 1000.

Нагадаем, шыльды з пералікам ранейшых назваў вуліц ёсць у Мінску, Горадні, Баранавічах, Клецку, Пружанах, Халопенічах, Міры.

Фотаматэрыялы з акцыі:

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.