Валанцёры-гераіні: кабеты на пенсіі ратуюць гісторыю сядзібы Наркевіча-Ёдкі

Сядзіба Наркевічаў-Ёдкі, размешчаная ў маляўнічым кутку нашай краіны, у вёсцы Наднёман, Уздзенскага раёна, Мінскай вобласці, была пакінута без належнай увагі на працягу дзесяцігоддзяў, і яе лёс здаваўся безнадзейным. Але зараз у яе ёсць шансы на аднаўленне, адну з найважных роляў у якім граюць валанцёры.




У чэрвені 1890 года Якуб Наркёвіч-Ёдка упершыню ў свеце прыняў радыёсігнал. І толькі 24 сакавіка 1896 года Аляксандр Папоў ужыццявіў першую перадачу радыёсігналу.

А цяпер пытанне, хто з вас чуў пра Якуба Наркевіча-Ёдку? Бо пра Аляксандра Папова чулі дакладна ўсе.

“Бо Ёдка, як сапраўдны беларус, быў чалавек сціплы, якому не патрэбны былі патэнты і лаўры” — кажа Валянціна, жанчына, якая ведае пра Якуба Наркевіча-Ёдку больш за некаторых экскурсаводаў, а апошнія 8 год разам з камандай аднадумцаў займаецца дапамогай у аднаўленні іх сядзібы ў весцы Наднёман.

Музыкант, кампазітар, навуковец, прафесар электраграфіі і магнетызму, лекар — гэты спіс можна працягваць доўга. Усебакова адораны чалавек, які захапляўся біялогіяй, фізікай, прыродазнаўствам, Якуб Наркевіч-Ёдка стварыў у свай сядзібе ў Наднёмане адпаведную атмасферу. 


Кампазіцыю самога палаца, які быў выцягнуты ўздоўж ракі, дапаўнялі тарцовыя вежы шасці- і чатырохграннай формаў. Госці маглі любавацца з тэрасы незвычайнымі нёманскімі краявідамі, а на адной з вежаў, якая мела вышыню 27 метраў і была відаць з усіх ваколіц, была ўладкавана «эолава арфа» — прыстасаванне, якое ўтварала розныя гукі пад націскам ветру.

Апроч палаца, брамы, сабакарні з пляцоўкай для выгулу, стайняў, кароўнікаў, свірнаў, адрын і аранжарэі ў 1884 годзе Якуб Наркевіч-Ёдка будуе ў сваім фальварку метэаралагічную станцыю.

А ў 1892 годзе недалёка ад маёнтка ў сасновым бары ён адкрыў санаторый для паралізаваных і хворых на нервы і сухоты. Пацыентаў лячылі святлом, кумысам, гімнастыкай, чыстым паветрам, мінеральнымі водамі, што здабывалі са свідравіны на тэрыторыі маёнтка, электрычным масажам. Мясцовых сялян Наркевіч-Ёдка лячыў бясплатна. А ў мястэчку Пясочнае побач з Наднёманам дзякуючы яму з’явілася аптэка.

У склепе сядзібы і на вяршыні вежы навуковец абсталяваў лабараторыі. У малачарні башкірамі пад наглядам лекара вырабляўся кумыс у лекавых мэтах. У год выпускалася каля пяці тысяч бутэлек гэтага цудадзейнага напою. Дзве траціны прадавалі, а астатнія раздавалі мясцовым жыхарам.

Каля маёнтка было створана доследнае поле, дзе вучоны вывучаў уплыў электрычнасці на стан, рост раслін і іх ураджайнасць. Быў закладзены дэндрапарк з рэдкіх для гэтай мясцовасці відаў дрэў і кустоў, прывезеных з усяго свету. Былі тут алеі серабрыстых таполяў, ліп, елак ды клёнаў. Частка дрэваў захавалася і да гэтай пары. Паспрабуйце ўявіць усё вышэйпералічанае ў адным месцы. Падабаецца? І ў нас сёння ёсць магчымасць убачыць і пачуць ўсё гэта не толькі ва ўяўленні, але і ў рэчаіснасці.

У 2011 годзе быў створаны фонд імя Якуба Наркевіча-Ёдкі, у склад якога ўвайшлі зацікаўленыя асобы, медыкі, выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта. Узначальвае яго Уладзімір Самуйлаў. Уладзімір Аляксандравіч — фізік, выкладае ў Нью-Ёрку. Ён сабраў шмат экспанатаў па ўсім свеце, у тым ліку і з перыяду жыцця Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Усе зацікаўленыя ў адраджэння гісторыі роднага краю могуць дапамагчы ў працах па ачыстцы і аднаўленню сядзібы. Справа знойдзецца для кожнага.

Наднёману і сядзібе ўжо вельмі пашанцавала. Аднойчы зусім выпадкова сюды трапіла Валянціна. Пабачыўшы занядбаную і нават у такім стане зачаравальную сядзібу, жанчына не смагла прасці міма.

І вось ужо 8 гадоў Валянціна і Людміла, якіх мы сустрэлі на сядзібе ў гэту суботу, разам з камандай аднадумцаў у якасці валанцёраў дапамагаюць аднаўляць маёнтак. І энергіі гэтых жанчын, якія ўжо на пенсіі, можна толькі пазайздросціць! Яны прыязджаюць у Наднёман у выходныя і ў будні, летам і ўзімку, застаюцца працаваць на некалькі дзён, вядуць стасункі з усімі магчымымі ўстановамі і арганізацыямі, спрабуючы атрымаць любую дапамогу, людзьмі, тэхнікай ці новымі ідэямі.

Зараз валанцёры і валанцёркі ў асноўным займаюцца ачысткай тэрыторыі сядзібнага парку, скляпоў. Яны ўжо змянілі агароджу, памылі надмагільныя камяні і асвяжылі надпісы на фамільным пахаванні Наркевічаў-Ёдкаў, а кляновыя алеі зноў падобны на алеі, а не на буралом.

Людміла займаецца відэаздымкай, у яе есць свой ютуб канал, дзе можна паглядзець маляўнічыя відэакліпы з Наднёмана і гісторыю валанцёрскай працы з самага пачатку. Увогуле, тут шмат цікавага, бо жанчыны вядуць актыўны лад жыцця. Напрыклад, можна паглядзець, як яны падарожнічалі па Алтаі і Нарвегіі.

Уражваюць і іх планы, ідэі і мары наконт будучыні сядзібы. Апроч музея, пачатковы варыянт якога з’явіцца ўжо зусім хутка, тут плануецца стварыць дзіцячы навуковы цэнтр, арганізоўваць і праводзіць даследчыя конкурсы, а яшчэ, канешне, аднавіць лабараторыі і «эолаву арфу». Таксама ім прыйшла ідэя правесці на тэрыторыі сядзібы фэст электроннай музыкі. У часы Наркевіча-Ёдкі тут праводзілася свята лета, таму чаму ж не працягнуць файную традыцыю дадаўшы элементы сучаснасці.

Усё гэта рэальна. Толькі патрэбен удзел як мага большай колькасці людзей, працы тут шмат, але валанцёраў пакуль вельмі не хапае.

Прыязджайце ў Наднёман! Усім знойдзецца магчымасць прыкласці свае сілы, веды і досвед. У гэтым месцы можна адчуць сябе датычнымі да вялікай і важнай справы, вашае жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым.

Апроч гэтага можна ўзяць удзел у аднаўленні сядзібы, зрабіўшы самаахвотнае ахвяраванне на дабрачынны рахунак фонду імя прафесара Я.О. Наркевіча-Ёдкі. Усю дадатковую інфармацыю можна атрымаць на афіцыйным сайце фонду http://narkevich-jodko.org/istoriya-semji/. 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.