12 траўня а 12-ай гадзіне на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы Касцюшкі каля Косава на Берасцейшчыне адбылося ўрачыстае адкрыццё першага на Беларусі помніка Тадэвушу Касцюшку. Імпрэза прайшла пад бел-чырвона-белымі сцягамі!
Збор сродкаў на ўсталяванне помніка Касцюшку быў ініцыяваны журналістам Глебам Лабадзенкам. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў цяпер будуць захоўвацца ў музеі.
Помнік быў адліты ва Украіне паводле праекту беларускага скульптара Геніка Лойкі.
Помнікі гэтаму выбітнаму дзеячу стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім свеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў. У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўніверсітэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў свету. Нават у Беларусі ёсць вуліцы ў яго гонар.
Варта адзначыць, у Беларусі дагэтуль не было ніводнага помніка Касцюшку, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была яго радавая сядзіба.
Паводле “Радыё Свабода”