Улады, нарэшце, адмяняюць скандальны артыкул №193 КК

У Беларусі адмянілі крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Палата прадстаўнікоў 19 снежня ў другім чытанні прыняла шэраг паправак у кодэксы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, дэпутаты прагаласавалі за выключэнне з Крымінальнага кодэкса арт. 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але ў той жа час замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць — ст. 23.88 КаАП, якая прадугледжвае за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі штраф да 50 базавых велічынь.

Для таго, каб набыць сілу закона законапраект яшчэ павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны кіраўніком дзяржавы, пасля чаго ён падлягае афіцыйнаму апублікаванню.

Варта адзначыць, што дыскусія аб неабходнасці адмены гэтага сумна вядомага крымінальнага артыкула вялася даўно. Гэтага патрабавалі і міжнародныя арганізацыі, і праваабаронцы.

За час існавання артыкула 193.1 да крымінальнай адказнасці ў Беларусі было прыцягнута 17 чалавек, з іх пяцярым было прызначана пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Аднымі з першых, хто значна пацярпеў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі сталі сябры незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства» Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Андрэй Шалайка, Эніра Браніцкая. У жніўні 2006 г. суд Цэнтральнага раёна г. Мінска асудзіў іх да розных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт 193.1 Крымінальнага кодэкса. Маладыя людзі ставілі сваёй мэтай назіранне за праходзіўшымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Затым пад пераслед патрапілі актывісты «Маладога фронту». Лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады пазбаўлення волі.

Мяркуецца, што гэты артыкул крымінальнага кодэкса будзе адменены прыкладна праз месяц, як толькі яго падпіша прэзідэнт ды з’явіцца афіцыйная інфармацыя ў дзяржаўных СМІ.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.