У Чашніцкім райвыканкаме адсутнічаюць спецыялісты ў галіне гісторыі архітэктуры, таму старадаўні будынак гандлёвых радоў не атрымае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Чашніцкі райвыканкам адмовіўся падтрымаць прапанову прадстаўнікоў “Альтэрнатывы” аб наданні будынку 19 стагоддзя статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо, як вынікае з афіцыйнага адказу чыноўнікаў, “у райвыканкаме адсутнічаюць спецыялісты ў галіне гісторыі архітэктуры, якія маглі б даць навуковую і мастацкую ацэнку дадзенага аб’екта”.
Па афіцыйных звестках, дадзеныя гандлёвыя рады – збудаванні, складзеныя з асабістых лавак, аб’яднаных у адзін корпус (канец 19 стагоддзя). Падмурак – з каменю, сцены – цагляныя, дах – з шыферу. У будынку аддзелены каморы – халодныя пабудовы для захоўвання тавараў. Вокны і дзверы замураваны цэглай. У гандлёвай частцы драўляныя рамы і дзверы заменены на пластыкавыя.
Відавочна, будынак заслугоўвае аховы і ўвагі ад дзяржавы, таму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў бы дарэчным. Пры гэтым, у Чашніках, наогул, няма будынкаў з такім статусам. Атрымліваецца, што такіх і не будзе ў бліжэйшы час.
Што далей будзе з гэтым будынкам? Вядома, што цяпер ён выстаўлены на аукцыён, бо яго гаспадарчы ўласнік, а гэта “Чашніцкая межраённая база” – у стадыі банкруцтва. Атрымліваецца, што яго лёс будзе вызначаць новы гаспадар, калі такі знойдзецца.