Улады адмовіліся размяшчаць у Віцебску шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

У пачатку чэрвеня 2019 г. актывісты ГА “Альтэрнатыва” звярнуліся да уладаў Віцебска з прапановай усталяваць на цэнтральных вуліцах горада шыльды з пералікам старажытных назваў вуліц, у падтрымку зварота таксама накіравалі 1000 подпісаў віцяблянаў.

Прапанова ўсталяваць шыльды з пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліц Віцебска — Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, Пушкіна, Путна, камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкай, Кірава, Шубіна, праспекта Фрунзэ, а таксама плошчы Леніна.

Ініцыятары прапановы абапіраліся на досвед іншых беларускіх гарадоў, напрыклад Мінску, Горадні, Баранавіч, Пружан ды іншых. На думку актывістаў, усталяванне шыльдаў са спрадвечнымі назвамі вуліц дапаможа захаваць Віцебску сваё гістарычнае аблічча, падкрэсліць сваё мінулае ды прывабіць турыстаў.

Вось што адказалі чыноўнікі:

«Гораду Віцебску ў гэтым годзе спаўняецца 1045 гадоў, падчас якіх гарадскія вуліцы неаднаразова змянялі свае назвы. Нанясенне ўсіх гістарычных назваў вуліц на аншлагі не будзе садзейнічаць падтрыманню адзінай канцэпцыі афармлення гістарычнай часткі гораду, зможа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей горада», — піша ў адказе актывістам «Альтэрнатывы» намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Якія нязручнасці гэта можа прынесці віцяблянам і гасцям гораду, чыноўнік не ўдакладняе.

Затое спасылаецца на тое, што выраб і ўстаноўка аншлагаў пацягне за сабой значныя фінансавыя выдаткі.

Тым часам актывісты “Альтэрнатывы” збіраюцца абскардзіць такое рашэнне ў віцебскім абласным выканкаме. Чым гэта скончыцца — сайт “Альтэрнатывы” будзе абавязкова паведамляць.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.