Першы намеснік камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Алена Сухадолава даслала афіцыйны адказ на калектыўную прапанову ўсталяваць на Нямізе ў Мінску макет старажытнага Менскага замчышча.
У адказе гаворыцца, што камітэт бачыць такую ідэю цікавай, але цяжка рэалізуемай, бо неабходныя работы для стварэння такога праекта не ўключаны ў Інвестыцыйную праграму горада. Разам з тым, чыноўнікі не адмовіліся і ад рэалізацыі амбіцыйнага праекта – ажыццяўлення музеефікацыі тэрыторыі Менскага замчышча, паводле якой плануецца пабудаваць браму замчышча з музейным комплексам. З-за адсутнасці фінансавых сродкаў, такі праект плануецца рэалізаваць пасля 2020 года.
На зварот таксама адказаў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. У лісце даводзіцца выснова, што планаваны макет не супярэчыць палажэнням Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Разам з гэтым, чыноўнік спасылаецца на неабходнасць узгаднення гэтага пытання з іншымі дзяржаўнымі органамі.
“Паводле адказаў бачна, што ўлады не супраць ідэі ўсталявання макета замчышча, але ніхто з адказных чыноўнікаў не гатовы праявіць уласную ініцыятыўнасць, каб запусціць гэты праект да хуткай рэалізацыі. Магчыма, тут яшчэ патрэбна воля адміністрацыі прэзідэнта. Зрэшты, будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы год-два такая справа распачнецца і ў гістарычным пачатку Мінска, нарэшце, з’явіцца макетны вобраз старадаўняга выгляду замчышча. Нам падаецца, гэта лепей, чым іх папярэдні дарагі праект, які прадугледжвае знос палаца працоўных рэзерваў і будаўніцтва сучаснага музейнага комплексу ў гістарычным кантрасце”, – каментуе рашэнне адзін з ініцыятараў кампаніі Алег Корбан.
Схематычны выгляд замчышча:
Нагадаем, у жніўні 2017 г. актывісты ГА “Альтэрнатыва” сабралі 1000 подпісаў сярод мінчукоў пад калектыўнай прапанове да сталічных уладаў – у гонар 950-годдзя Мінска, дзеля папулярызацыі айчыннай гісторыі, культуры, турыстычнай прывабнасці, усталяваць на Нямізе плоскасцевы макет з выглядам Менскага замчышча, схему і выгляд якога зрабілі археолагі падчас раскопак у перыяд будаўніцтва другой лініі метро.