Грамадзяне, якія цяпер адбываюць адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у апазіцыйных мітынгах у Мінску, скардзяцца на жорсткія бесчалавечныя ўмовы, якія для іх наўмысна стварыла акрэсцінская адміністрацыя.
16 чэрвеня пасля 11 сутак зняволення на волю выйшла грамадская актывістка Наталля Гарачка, якую затрымалі 5 чэрвеня каля Камароўскага рынку за стрым акцыі па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Наталля Гарачка ўдакладніла, што 11 дзён яна адседзела ў Ізалятары часовага ўтрымання, а не як раней — у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Па яе звестках, многіх іншых актывістаў таксама ўтрымліваюць у будынку ІЧУ, дзе для іх стварылі даволі жорсткія ўмовы. Дарэчы, будынкі ІЧУ і ЦІП знаходзяцца побач, за адной агароджай.
Вось як “Свабодзе” спадарыня Гарачка пракаментавала ўмовы ўтрымання:
“Я не ўяўляю, як там столькі можна вытрымаць, бо ў параўнанні з былымі часамі там цяпер канцлагер! Сярод дрэнных успамінаў пра цяперашнюю адседку Наталля Гарачка згадала, што да яе падсадзілі жанчыну з вошамі, і ў выніку, каб засцерагчыся, яна мусіла спаць на голай лаве. 9 чэрвеня нас усіх перавялі на першы паверх і адабралі пасцельныя рэчы. Казалі, што хутка аддадуць, але не аддалі. А праз два дні яшчэ адабралі і матрацы. Ноччу было ня проста холадна, а жудасна холадна. Там не адчыняюць вокны, і таму нават калі надвор’е цяплейшае, у камерах холад і вільгаць. З 11 начэй я не магла спаць 6, мяне ўсю трэсла. У адну ноч суседка паднялася і нейкай прасцінай мяне накрыла, бо я замярзала ў адной кофтачцы. У мяне падняўся ціск, але два дні мне не давалі лекаў і не выклікалі да мяне лекараў”.
Усе 11 дзён арышту Наталля Гарачка трымала галадоўку, і, па яе словах, яна не адна абрала такую форму пратэсту.
Моладзевы актывіст Максім Урбановіч, які адседзеў 15 сутак і цяпер таксама выйшаў на волю, назваў цяперашнія умовы самымі цяжкімі: “Здзекі, шантаж, бязмежжа, такога не было нават у горшыя часы”.
На гэтым тыдні ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што ў вядомага палітыка Паўла Севярынца, які таксама адбывае 15-сутачны арышт, у ІЧУ адабралі ўсе рэчы, нават зубную пасту ды шчотку, і не прымаюць перадач. Таксама Паўла на суткі змяшчалі ў карцэр. На гэта таксама скардзілася жонка палітыка Вольга, але пакуль усё марна.
А вось як адрэагавала прадстаўніца Міністрэрства ўнутранных спраў Вольга Чамаданава на скаргі палітычных вязняў:
“Усё, што яны гавораць – няпраўда. Парушэнняў з боку тых, хто там працуе, не выяўлена. Ёсць унутраныя правілы, якія мусяць выконваць затрыманыя, якіх утрымліваюць у ЦІП, і ўсё робіцца ў межах гэтых правілаў”.
Пры гэтым, прадставіць грамадскасці запісы з камераў відэаназірання ЦІП ці ІЧУ кіраўніцтва МУС не пагадзілася. Гэтак жа і дазволіць незалежным назіральнікам наведванне ІЧУ для маніторынгу цяперашніх умоваў для адбывання пакарання.