У Оршы з адкрыцця фут-трака Мак.бай, які мусіць працаваць у горадзе ўсяго 2 тыдні, улады зрабілі неверагодна грандыёзную падзею: непасрэдна сам намеснік старшыні выканкаму перарэзаў стужачку, а аддзел культуры прывёў сюды дзіцячы танцавальны калектыў. Проста свята!
Вось якую падзею пракаментаваў вядомы мясцовы грамадскі дзеяч (цяпер ён вымушана знаходзіцца ў эміграцыі) Ігар Казмярчак:
“Я разумею чаму гэты фут-трак адкрывалі з помпай самі яго ўладальнікі, я разумею чаму людзі так зацікавіліся ім, але тое, што выканкамаўцы пайшлі адкрываць яго, а мясцовая газета піша пра гэта як пра нейкае грандыёзнае дасягненне, заадно адзначае, што гэта “Благодаря поддержке руководства города”. Мне сорамна… Тваю маць! Ну, дзе, у якім горадзе звычайную камерцыйную забягалаўку, тым больш, часовую адкрываюць як неверагоднае дасягненне. Я не магу ўявіць, каб намеснік мэра ўмоўных Друскенікаў або Познані пераразаў стужачку перад адкрыццём фут-трака, якіх там дзесяткі і сотні.
Да, у Оршы фут-тракаў няма (21-е стагоддзе…) і для спажыўца гэта навінка, але навошта чыноўнікам падкрэсліваць, што мы настолькі адсталі ад цывілізацыі, што з’яўленне звычайнага перасоўнага рэстарана, дасягненне. Гэта адсталасць нават не на 30 гадоў. Уявіце, колькі б чыноўнікаў прыехала б адкрываць… ну, напрыклад, эскалатар у якім-небудзь гандлёвым цэнтры (дарэчы, таксама ў Оршы няма). Напэўна, губернатара б выклікалі, або прэм’ер-міністра”.
Але фокус яшчэ ў тым, што Мак.бай тут толькі часова, але дзе яшчэ людзям і гасцям гораду смачна перакусіць? Добра што заўсёды можна набыць беляшы на вакзале…