У цэнтры беларускай сталіцы адбыліся стыхійныя акцыі пратэсту супраць перамоваў Лукашэнкі і Пуціна аб падпісанні дамоўленасцяў аб інтэграцыі нашай краіны з Расіяй – стварэнні адзінага парламенту і ўраду, якія безумоўна вядуць да здачы незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
7 снежня адбылася першая акцыя ініцыятывы “Свежы вецер” – у 11.30-11.45 некалькі сотняў людзей сталі ў жывы ланцуг трымаючыся за рукі. Акцыя расцягнулася ад цырку да будынка Галоўпаштамта.
А 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы пачалася акцыя анансаваная хрысціянскім дэмакратам, вядомым апазіцыйным палітыкам Паўлам Севярынцам. Да яе далучыліся і іншыя палітыкі – Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Казлоў, Яўген Афнагель супольна з рухам “Еўрапейская Беларусь”.
На прыступках Палаца Рэспублікі адбыўся кароткі мітынг. Не абышлося без сутычак – супрацоўнікі міліцыі не дазвалялі падымацца на прыступкі, але натоўп не пазбаўляўся імпэту, каб сюды прарвацца, авалодаць гэтай пляцоўкай для арганізацыі прамоваў выступоўцаў.
Людзі прыйшлі на акцыю з гістарычнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама разнастайнымі плакатамі на тэму інтэграцыі. Удзельнікі актыўна скандуюць “Незалежнасць!”, “Жыве Беларусь!”, “Лукашэнка павінен сыйсці!”. Паводле падлікаў, усяго ў мерапрыемстве прыняло ўдзел каля 1000 чалавек.
Пасля кароткага мітынгу на Кастрычніцкай, Павел Севярынец паклікаў натоўп да шэсця на плошчу Незалежнасці. Адбылося шэсце. Каля Чырвонага касцёла прайшоў наступны мітынг. Севярынец заклікаў памаліцца за незалежнасць і за «збаўленне Беларусі ад лукавага». Пасля адбылося шэсце па вузкіх вуліцах старога Мінска да плошчы Свабоды.
Характэрна, што нягледзячы на тое, што акцыя несанкцыянаваная, міліцыя ды іншыя супрацоўнікі сілавых структур асаблівых перашкодаў не стваралі, апроч тых, што ўвесь час папярэджвалі праз мегафон аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а таксама прапаноўвалі разыйсціся. Зразумела, што на такія запалохванні грамадзяне не паддаліся.
Далей акцыя працягнулася зноў жа на Кастрычніцкай плошчы, а таксама ў парку Янкі Купалы. Напрыканцы Павал Севярынец заклікаў прысутных сабрацца і заўтра, 8 снежня.
Сёння, 8 снежня прайшла наступная акцыя. Людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, дзе адбыўся нядоўгі мітынг, пасля чаго рушылі вуліцамі Мінска пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў бок вуліцы Машэрава.
Неўзабаве, удзельнікі акцыі дайшлі да амбасады Расіі, каб перадаць рэзалюцыю мітынга ад 7 снежня. Сюды былі сцягнуты дзясяткі міліцэйскіх аўтобусаў. Будынак пасольства ачапілі амапаўцамі. Павел Севярынец перадаў зварот праз міліцыянта, пасля чаго заклікаў усіх вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу.
Відэасюжэт “Deutsche Welle”:
Паводле падлікаў незалежных журналістаў, у акцыі 8 снежня ўзялі ўдзел ад 700 да 900 чалавек. Асаблівых эксцэсаў зафіксавана не было.
Фотафакт. Народная творчасць удзельнікаў двухдзённых акцый у Мінску:
Тым часам, сочынскія перамовы Лукашэнкі і Пуціна 7 снежня аб “паглыбленай інтэграцыі” так да нічога не прыйшлі – ніякіх дамоўленасцяў падпісана не было. Паведамляецца, што палітыкі сустрэнуцца дадаткова 20 снежня.