У новым плане забудовы вуліцы Каліноўскага ў Мінску прадугледжаная мемарыяльная зона з помнікам герою нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг.
Некалькі дзён таму назад архітэктары «Мінскграда» вынеслі на грамадскае абмеркаванне новы дэталёвы план раёна вуліцы Каліноўскага. Згодна праекту, плануецца будаванне жылых будынкаў на месцы ЛЭП, шматфункцыйных комплексаў, паркінгаў. Адміністрацыя Першамайскага раёна размясціла на сваім сайце планаваную схему раёна, вывучэнне якой у дэталях паказвае маштабы хуткага ўшчыльнення ўжо існуючай забудовы.
Праект забудовы, распрацаваны «Мінскградам», вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамляе Onliner.by.
Прэзентацыя праекта адбудзецца 4 ліпеня ў 18:00 у актавай зале Мінскага гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па барацьбе ім. А. У. Мядзведзя (вул. Каліноўскага, 55б). Па гэтым жа адрасе з 1 па 15 ліпеня будзе месціцца экспазіцыя горадабудаўнічага праекта, а таксама часопіс рэгістрацыі заўваг і прапаноў. Заўвагі можна таксама адсылаць у адміністрацыю Першамайскага раёна (220012, г. Мінск, зав. К. Чорнага, 5, perv.arhit@minsk.gov.by).
Нагадаем, што кампанія па зборы подпісаў з прапановай усталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму праходзіла яшчэ ў 2013 годзе і ладзілася актывістамі ГА «Альтэрнатыва». Тады за неабходнасць устаноўкі помніка выказаліся амаль 4 тысячы чалавек, а таксама 40 выдомых дзеячоў культуры і навукі Беларусі. Але Мінгарвыканкам вырашыў абмежавацца вяртаннем шыльды з бюстам Каліноўскага на будынак былога кінатэатру «Вільня», а таксама назваўшы такую ідэю «немэтазгоднай».