У Мінску адбыўся з’езд сябраў “Альтэрнатывы”

20 студзеня ў беларускай сталіцы прайшоў ІІІ з’езд сябраў грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва”, падчас якога было абрана новае кіраўніцтва арганізацыі, а таксама зацверджаны план дзейнасці на бліжэйшыя 2 гады.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства – прадстаўнікі рэгіянальных суполак “Альтэрнатывы” з Віцебска, Новалукомля, Чашнікаў, Навагрудка, мінскага раёна, а таксама дэлегаты ад самой буйнай філіі – горада Мінска.

З’езд даў станоўчую ацэнку дзейнасці арганізацыі за мінулыя 2 гады, дзе галоўным дасягненнем была названа праца па стварэнні рэгіянальных суполак “Альтэрнатывы” і правядзеннем там лакальных кампаній сацыяльнага характара, а таксама даволі пазітыўна былі адзначаны іншыя сацыяльныя і культурніцкія акцыі і кампаніі ў Мінску. Напрыклад, лакальная кампанія “Наша Харкаўская”.

Падчас выбраў новага кіраўніцтва арганізацыі асаблівых інтрыгаў ды нечаканасцяў не было – большасцю галасоў кіраўніком ГА “Альтэрнатыва” быў абраны яе цяперашні лідар Алег Корбан.


Другі кандыдат на пасаду кіраўніка арганізацыі Мікіта Найдзен набраў толькі 3 галасы.

Рашэннем дэлегатаў з’езда быў вызначаны новы склад Рады ГА “Альтэрнатыва” з 4 асобаў: Алега Корбана (кіраўнік арганізацыі), Аляксандра Карнышова (намеснік кіраўніка арганізацыі), Вольгі Бурневіч, Веранікі Снытко.


Удзельнікі мерапрыемства даволі актыўна абмяркоўвалі дзейнасць арганізацыі на бліжэйшыя 2 гады. Па агульнай згодзе, было вырашана працягнуць працу “Альтэрнатывы” у тым жа накірунку, робячы большы акцэнт на развіццё грамадскай актыўнасці, пашырэнне рэгіянальных суполак у Беларусі, правядзенне новых кампаній для папулярызацыі сярод грамадства дэмакратычных каштоўнасцяў, беларускай нацыянальнай культуры і традыцый.


Апроч вырашэння арганізацыйна-тэхнічных момантаў, з мэтай абмену свайго уласнага досведу, дэлегаты паўдзельнічалі ў імправізаванай камунікацыі з мэтавай групай. Тром зборшчыкам подпісаў трэба было пераканаць звычайных жыхароў у вартасці сваёй ідэі ды ўзяць іх подпіс. Для кожных актывістаў былі вызначаны наступныя тэмы: вартасць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі; усталяванне шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц; падтрымка вылучэння кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Па выніках сходу, кіраўніцтва ГА “Альтэрнатыва”, згодна дзеючага заканадаўства, мае намер звярнуцца да ўлады з чарговай просьбай афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю ў органах улады. Пакуль арганізацыя не атрымае дадзены статус, ГА “Альтэрнатыва” будзе працягваць сваю дзейнасць ад імя зарэгістраванага аб’яднання ў Латвіі.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.