У Клімавічах знеслі адзіную гістарычную славутасць

У Клімавічах, што на усходзе Магілёўшчыны,  здарылася яўнае дзікунства – будаўнікі са згоды мясцовай улады знеслі галоўную архітэктурную славутасць райцэнтра – драўляную сядзібу Мяшчэрскіх. 

Гэтая шляхецкая сядзіба была пабудаваная па ініцыятыве князя Мікалая Мяшчэрскага, маршалка дваранства Мсціслаўскага павета, для сваёй дачкі Марыі ў 1867 годзе. Да рэвалюцыі гэты дом быў цэнтрам свецкага жыцця, пасля тут месціўся рэвалюцыйны камітэт, а ў нашы часы – раённы краязнаўчы музей. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 года № 578 будынак быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У пачатку 2020 года ў горадзе прайшло грамадскае абмеркаванне былой сядзібы Мяшчэрскіх. У выніку яго вырашылі цалкам разабраць і адбудаваць занава. «Праектам прадугледжваецца максімальнае захаванне аўтэнтычных дэкаратыўных элементаў, драўлянай ашалёўкі сцен, фурнітуры, агароджы ўсходаў (балязіны) з наступнай рэстаўрацыяй, аднаўленнем на ранейшае месца і аднаўленнем згубленых» – гаворыцца ў дакуменце.

Але калі паглядзець, якім чынам адбываецца так званая «рэканструкцыя», то пабачым, што да сядзібы Мяшчэрскіх ставяцца як да звычайнага драўлянага дома, а не як да помніка гісторыка-культурнай спадчыны – адзначае аглядальнік ініцыятывы “Будзьма” Хведар Прылёпаўскі. Будынак цалкам прыбралі (або лепш сказаць знеслі) ды пачалі будаваць новыя цагляныя падмуркі, матывуючы гэта зносам будаўнічых канструкцый на 80%.

Рэканструкцыя, як выявілася, робіцца толькі на паперы. Самі будаўнічыя працы пачаліся дзеля таго, каб паспець упарадкаваць горад да сёлетніх “Дажынак, што пройдуць у Клімавічах.

Варта дадаць, што да 2018 года, у экспазіцыі гэтага музея, знаходзіліся Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, як дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь у перыяд 1991-1995 гадоў. І гэта было даволі ўнікальна, калі ўлічваць сапраўднае стаўленне ўлады да гэтай сімвалаў. 

 
Тое, што засталося ад былой сядзібы: 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.