У Беларусі новы палітвязень?

Тры гады калоніі атрымаў Святаслаў Барановіч – хлопец, які з кулакамі абараняў удзельнікаў «Марша недармаедаў» 15 сакавіка 2017 г. ад невядомых людзей у цывільным.

Суд Маскоўскага раёна Мінска 12 сакавіка вынес прысуд Святаславу Барановічу — тры гады калоніі агульнага рэжыму. Барановіч абараняў удзельнікаў «Марша недармаедаў» год таму, калі на групоўку анархістаў з мэтай гвалтоўнага затрымання накінуліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Тады хлопец некалькі разоў ударыў амапаўца ў твар. Ад кастрычніка 2017 г. Барановіч знаходзіўся ў СІЗА. 

Падчас судовага паседжання Барановіч прызнаў віну ў поўным аб’ёме і cказаў, што ведаў, што біў менавіта міліцыянта, хаця той і быў у цывільнай вопратцы, як звычайны грамадзянін. 

Пасля абвяшчэння прысуду ў залі скандавалі: «Ганьба! Ганьба!», а таксама прагучала падзяка ад імя анархістаў. 

Варта адзначыць, беларускія праваабаронцы не прызналі Святаслава Барановіча палітвязнем. Вось пазіцыя цэнтра “Вясна”, якую агучыў Валянцін Стэфановіч:

«З улікам асаблівасцяў і абставінаў справы, і паказанняў самога абвінавачанага палітвязнем мы яго не прызнаем, бо гэта было гвалтоўнае правапарушэнне  – паводле нашых крытэраў, у такім выпадку мы не прызнаем чалавека палітвязнем. Таксама ўлічваем яго пазіцыю і паказанні ў судзе: Барановіч прызнаў віну ў поўным аб’ёме і казаў, што ведаў, што біў міліцыянта». 

Гэтаксама Барановіча не прызнаюць палітычным вязнем і ў Беларускім Хельсінскім камітэце. 

У той час многія дзеячы апазіцыйных палітычных партый і рухаў у адзін голас заяўляюць – Барановіч асуджаны па палітычных матывах, міжнародныя крытэрыі вызначэння статуса асуджанага па палітычных матывах, напрыклад, ПАСЕ, дазваляюць пра гэта казаць.   

Каманда “Альтэрнатывы” заклікае да салідарнасці да чарговай ахвяры сённяшняй палітычнай сістэмы ў Беларусі, калі ласка, пішыце Святаславу лісты, цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА на Валадарцы, адрас:

220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА -1, Святаславу Барановічу.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.