З нагоды Раства валанцёры “Альтэрнатывы” завіталі ў дзіцячы дом у мястэчку Сянно, што на Віцебшчыне.
“Гарадок невялікі, шэраваты і сціплы. Грамадзянскай супольнасці тут ніякай. Але тут знаходзіцца сацыяльная дзіцячая ўстанова-інтэрнат, у сценах якой цяпер знаходзіцца 70 дзяцей. Гэта дзеці-сіроты і дзеці з сем’яў пазбаўленых бацькоўскіх правоў, узрост вагаецца ад 3 да 18 гадоў. І ўсе яны чакаюць свята і падарункаў, аб нечым мрояць, а яшчэ вельмі любяць прыемна праводзіць вольны час”, – каментуе Алег Корбан.
Напярэдадні, з дапамогай неабыякавых жыхароў мінскага мікрараёна Каменная Горка, актывісты сабралі ладную колькасць разнастайных падарункаў для дзяцей. Для правядзення акцыі было вырашана абраць школу-інтэрнат далёкую ад сталіцы, якой часта не хапае ўвагі ад грамадскасці. Увага трапіла на ўстанову ў гарадку Сянно, што ў Віцебскай вобласці Беларусі.
“Спадзяюся, што ў нас атрымалася ўвасобіць у рэальнасць такія чаканні і правесці незвычайную і цікавую вечарыну, якая ўсім запомніцца надоўга, зробіць настрой у такія цяжкія часы крышачку лепшым. Дзяўчаты і хлопцы чыталі вершы, паўтаралі за намі прымаўкі, абдымаліся, а яшчэ прыгожа танчылі. Вялікі дзякуй за дапамогу ўсім салідарным людзям са сталічнай Каменкі ды Кунцаўшчыны! Усё што вы змаглі перадаць – цяпер у гэтых дзяцей! Вы – цудоўныя!”, – дадае Алег.