Нядаўна я здзейсніў цікавую вандроўку ў вядомы менчукам сад камянёў, які знаходзіцца ў мікрараёне Уручча.
Дабрацца да яго проста – гэта самы канец вуліцы Русіянава. Сам сад камянёў – гэта сапраўдны ўнікальны парк-музей пад адкрытым небам!
Вядома, што гэты музей, плошчай шэсць гектараў, стварыў у 1985 годзе акадэмік Г. І. Гарэцкі. Экспанаты сюды збіралі па ўсёй Беларусі.
Калісьці на тэрыторыі нашай краіны гаспадарыў ляднік. Пазней ён сышоў адсюль, але пакінуў вельмі шмат сувеніраў з Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі.
Самы знакаміты ў Менску камень мае назву Дзед. Ён стаяў на былой Лодачнай вуліцы. Сёння побач з гэтым месцам знаходзіцца рэстаран “Старое русло”, а да 1927 года там было капішча, а яго святыняй быў камень Дзед, дуб Волат і нязгасны ахвярны агонь, дзе калдаваў і маліўся знахар Севасцей.
Пасля руйнавання гэтага месца, камень застаўся ў самоце. Але калі ў Мінску пачалі ствараць парк-музей камянёў, то ўзгадалі пра Дзеда. Ён тут заняў сваё пачэснае месца. Дарэчы да яго і сёння прыходзяць людзі з малітвамі і пакладамі – на ім амаль заўсёды можна пабачыць цукеркі і печыва, манеты і іншыя падарункі.
Увогуле валуны сустракаюцца толькі на поўначы і паўночным захадзе Еўропы, у нашай краіне іх можна лічыць сапраўдным скарбам. Лепш за ўсё хадзіць па музею з кнігай Ляўкова “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”, дзе ёсць мапа месцаў знаходжання вялікіх камянёў, якая налічвае пяць зонаў.
Самая першая зона мае назву “Мапа Беларусі”. Гэта ўнікальнае месца. Тут можна прайсціся па ўсёй тэрыторыі краіны, памацаць нагамі Менскае ўзвышша, Палессе, Віцебшчыну і Магілёўшчыну. Камяні старажытнага дняпроўскага зледзянення знаходзяцца на поўначы мапы, а паслявазёрскага апошняга зледзянення – на поўдні. А мяжой гэтых участкаў служаць каменні…
Другая зона мае назву “Харчаваныя правінцыі” і распавядае аб радзіме камянёў Скандынавіі.
Трэцяя зона – “Петраграфічная калекцыя”. Пётр – мужчынскае імя, “камень”, па-грэчаскі. Петраграфія – гэта навука аб горных пародах. Тут знаходзяцца самыя каштоўныя камяні. Яны рознакаляровыя і дэманструюць тры горныя групы парод – магматычныя, асадачныя, метамарфічныя. Граніт, габро, гнейс і кварцыт. У нашай Беларусі сотні горных пародаў.
Наступная, чацвёртая зона – “Форма”. Тут сабраны камяні у выглядзе куба і піраміды. Іншы раз, адзін край, як нажом зрэзаны. Нашыя продкі найбольш шанавалі камяні-гіганты. Традыцыя маліцца ім пайшла яшчэ ад балтаў, якія жылі на нашай зямлі да славян. У паўночных народаў каменні былі часткай паўсядзённага жыцця. Калі ляжалі тры камяні, два побач, а трэці крыху далей, то ўражанне малявала вобразы дзікіх звяроў. У камянях нашыя продкі бачылі жывёл, людзей, фантастычных істот.
Нарэшце, пятая зона, якая мае назву “Камень, у жыцці чалавека”. Менавіта ў садзе камянёў знаходзяцца камяні-жоравы, з дзіркай пасярэдзіне. Знайсці тую зону дапаможа таксама каменны “манумент” у выглядзе літары “П”. У гэтай зоне трэба звярнуць увагу на камяні-следавікі. Гэта камяні з адзнакай. Народ, такія адзнакі называе Сляды Хрыста, Сляды Панны-Марыі. Ёсць і так званыя Сляды Д’ябла, ці Чорта. Паглыбленні бываюць рознай формы, але большасць з іх падобныя на адбітак босай нагі.
У Музеі ёсць і камяні-крыжы. Самы знакаміты каменны крыж з ружовага граніту быў прывезены з Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці. Ён быў знойдзены на старажытных могілках. Быццам бы, каля яго абедаў Стэфан Баторый, які ўзначаліў войскі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў Лівонскай вайне.
Парк-музей камянёў мае статус асоба ахоўнай тэрыторыі – геалагічнага помніка прыроды. Шкада, але гэта не перашкаджае сучасным варварам, ці вандалам, пісаць фарбай з балончыкаў на дзіўных каменных экспанатах. Але, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, камень жыве! Па яму пракладваюць шляхі мурашкі, яго абжываюць старыя імхі. Камень робіць дзіўную цішыню… Ён супакойвае цяжарных жанчын і матуль з дзяцьмі. У камяні сыходзіцца разам прырода, рэлігія і культура. Камень дае адчуванне стабільнасці і упэўненасці. Як жа прыгода імі ўпрыгожаны помнікі Янку і Купалу і Якубу Коласу!
Але працаваць з камянём цяжка. Нездарма калісьці нашыя продкі казалі так: “Каб ты ў Крэва камяні цягаў!”. Тым не менш яны падаравалі нам выбітныя помнікі старажытнага дойлідства. Гэта тыя ж замкі і касцёлы часоў Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. І нават больш раннія часы Полацкага і Тураўскага княстваў. На многіх камянях засталіся неразгаданымі знакі і ўрыўкі слоў.
Сябры, калі недзе ля дарогі альбо ў лесе вы пабачыце камень, то не спяшайцеся праходзіць міма. Можа быць, што ён абломак гісторыі…