Сябры “Альтэрнатывы” падвялі вынікі года

Якім быў для Беларусі і свету 2016 год, чым займалася “Альтэрнатыва” і што варта рабіць далей.

У адным з прыватных памяшканняў у Мінску адбылося чарговае паседжанне найбольш актыўных сябраў грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва”, дзе абмяркоўваліся вынікі 2016 года і далейшыя планы дзейнасці арганізацыі.

“За нашымі плячыма за перыяд 2016 года дзясятак смелых вулічных акцый – раздача сцяжкоў з бчб сімволікай і гербам “Пагоня”, распаўсюд музычных дыскаў, плакатаў і ўлётак “За незалежную Беларусь!”, плакатаў у абарону Рыгора Барадуліна, флэшмоб альтэрнатыўны хэлоуін “Зомбі маршыруюць” супраць адыёзнага прапагандыста Кісялёва, расцяжка “Новае пакаленне абірае свабоду!” пад натхняльныя хіты Ляпісаў, “Сюрпрызаў ня будзе” – раздача абяцанага заробку 500 даляраў, пікет супраць правакатараў-адэптаў “рускага свету”, пікет супраць рабскай працы школьнікаў – “Эксплуататараў дзіцячай працы на дыван!”, сумесная акцыя ля адміністрацыі ППРБ у абарону тэлеканала “Белсат” ды іншых незалежных СМІ, конкурс на фота лепшага развітання з саветчынай “Савок, гудбай”, аўтобусная вандроўка з ўдзелам 50 чалавек па славутых мясцінах велічнай Літвы, 2 дабрачынныя акцыі пры падтрымцы амбасадаў ФРГ і Францыі для дзяцей-сірот у Рудзенскай і Чэхаўшчынскай школах-інтэрнатах, вырашэнне лакальных праблемаў у Фрунзенскім раёне сталіцы – прыцягненне камунальных службаў да аператыўнага рамантавання пешаходных лесвіц, УП “Зеленстрой” да дагляду Тучынскага скверу (усталявалі лавы, павялічылі колькасць працуючых ліхтароў, пафарбавалі плот, прыбралі траву і смецце), цяпер чакаем усталявання прыпынкавага павільёну ля ГЦ “Ждановічы” (верагодна, адзінае месца ў горадзе, дзе народ вымушаны чакаць аўтобус наўпрост пад дажджом ці снегам), перадача сталічным уладам 16 прапаноў па ўдасканаленні гарадской інфраструктуры. Сумесна з незалежнымі прафсаюзамі бралі ўдзел у назіранні за выбарамі – 41 участкаў мінскага раёна кантралявалі нашыя назіральнікі – дэмакратычны кандыдат Ілля Дабратвор як ніколі быў блізкі да перамогі.

Насамрэч, адна з самых паспяховых акцый – станоўчы адказ чыноўнікаў на прапанову ўсталяваць на цэнтральных вуліцах сталіцы шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. Яскравы прыклад, калі пры сённяшняй палітычнай сітуацыі ў краіне актыўнаму люду магчыма дасягаць перамогі ў сваіх справах! Цудоўна, што такую ідэю падхапілі і ў некаторых іншых гарадах, спадзяемся, хутка ўсе беларускія мястэчкі абзавядуцца такімі ж шыльдамі, старажытнымі мапамі і схемамі, куды ў цэнтры не трапіш – паўсюль будзе ўсё тое, што паказвае нашу старажытную гісторыю і адметнасць”, – пракаментаваў лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.

Падчас размовы была абмеркавана палітычная і эканамічная сітуацыя ў свеце і Беларусі, агучаны ацэнкі і прагнозы вядучых экспертаў, а таксама заслуханы парады адносна далейшай грамадскай працы арганізацыі ў нашай краіне.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.