Светлым полем я нясу агнявую паласу…

У жніўні гэтага года можна павіншаваць усіх беларусаў са знакавай падзеяй – роўна 100 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг прызналі нацыянальным беларускім сцягам!

Здаецца, бел-чырвона-белы сцяг быў у беларусаў заўсёды. Але гэта не зусім так. Калі славуты герб “Пагоня” быў гербам Вялікага княства Літоўскага, і існаваў у практычна нязменным выглядзе з чатырнаццатага стагоддзя (асабліва актыўна стаў выкарыстоўвацца ў шаснаццатым – пячаткі вялікага княства, грошы, Статут і Трыбунал), то сцяга, наўпрост, не было. Тады ўвогуле не было дзяржаўнага сцяга. Думка, што кожная дзяржава павінна мець свой афіцыйны сцяг яшчэ толькі-толькі высявала. Былі ў тыя часы вайсковыя харугвы, але гэта зусім іншая гісторыя. 

Дарэчы, у адным з варшаўскіх музеяў захоўваецца гістарычная карціна “Бітва пад Оршай”, якую намяляваў невядомы мастак, прыкладна праз дзесяць-дваццаць гадоў пасля самой бітвы. Там беларуска-польскае войска стаіць пад сцягам святога Юрыя – чырвоны крыж на белым фоне. Хто бачыў сцяг Ангельшчыны (не Велікабрытаніі, а Ангельшчыны), можа сабе ўявіць. Яшчэ ў Грузіі цалкам падобны на яго сцяг. Ці не прататып гэта ўсім вядомага бел-чырвона-белага сцяга? Што ж, магчыма.

Трэба прызнаць, што да Лютаўскай рэвалюцыі мала хто думаў, які сцяг павінны быць у беларусаў. Калі пачалася рэвалюцыя ў Петраградзе, дзеячы беларускага руха вырашылі звярнуцца да архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага з прапановай вызначыць нацыянальны сцяг будучай Беларускай рэспублікі. Тады ўсім было зразумела, што дамагчыся стварэння такой дзяржавы рэальна, пытанне было толькі ў тым, будзе, ці не, яна незалежнай, ці гэта проста будзе аўтаномная рэспубліка ў складзе Расіі, ці Польшчы. Дуж-Душэўскі пагадзіўся і зрабіў некалькі праектаў. З іх найлепшым прызналі праект бел-чырвона-белага сцяга. Ужо ў сакавіку 1917 года ў Менску прадаваліся бел-чырвона-белыя сцягі, быў нават адзначаны Дзень беларускага значка. Але ці быў выбар Дуж-Душэўскага выпадковым? Як ужо сказана, бел-чырвона-белым быў баявы сцяг кавалерыі ў бітве пад Оршай. Акрамя гэтага чатырохпалосным бел-чырвона-бела-чырвоным з’яўляўся сцяг беларускіх палкоў у расійскай арміі ў канцы васямнаццатага стагоддзя. Прыкладна такім жа быў сцяг Рэчы Паспалітай у сямнаццатым стагоддзі. Акрамя гэтага сцяг беларускіх палкоў у вайне 1812 года, з абодвух бакоў быў чырвона-бела-чырвона-белым. І шляхецкі герб Котвіч таксама. І герб горада Віцебска. Нарэшце, ёсць успаміны, што бел-чырвона-белым спалучэннем карысталіся піцерскія студэнты-беларусы ў 1912 годзе.

Некаторы час ішлі спрэчкі прызнаць канчаткова, ці не, сцяг, прапанаваны Дуж-Душэўскім. Так, у газеце “Вольная Беларусь” з’явіўся іншы праект сцягу. Ён быў бел-чырвона-сінім, падобным на расійскі трыкалор. Бел-чырвона-сіні сцяг, таксама мае некаторыя гістарычня корні. Падчас паўстання 1863 года выкарыстоўваўся польскі бела-чырвоны і бел-чырвона-сіні сцяг. Праўда не толькі, ў Беларусі, але і ва ўсіх месцах паўстання. Ёсць меркаванне, што паўстанцы Каліноўскага выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сцяг. Думка прыемная для нас. Але дакументы гэтага не пацьвярджаюць.

Яшчэ адзін варыянт сцягу быў – гэта проста белы, як сімвал Белай Русі. Але ад яго хутка адмовіліся. Па-першае, белы гэта колер контррэвалюцыі. Па-другое, белы – гэта сімвал паразы ў вайне. Сцяг павінен быць шматкаляровым. Хаця сімвал часовай дзяржавы Літбел быў, наўпрост, чырвоны сцяг. І не толькі Літбела, практычна ўсіх марыянеткавых бальшавісцкіх дзяржаў таго часу.

Канчатковым аргументам наконт бел-чырвона-белага спалучэння стала распаўсюджанне белага і чырвонага колеру ў беларускім нацыянальным адзенні. Пазней высветлілася, што і з колерамі герба “Пагоня” бел-чырвона-белы сцяг супадае. Ды і з колерамі суседняй Польшчы, братняй краінай.

Летам 1917 году бел-чырвона-белы сцяг прызналі агульнабеларускім. Яго атрымалі ўсе Беларускія рады і камітэты на месцах. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады (Менск, 5 жніўня 1917) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьнення. Нарэшце, у сакавіку 1918 года была абвешчана новая дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка, яе сімваламі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Праўда існавала дзяржава нядоўга – яе знішчылі праз год войскі Савецкай Расіі і Польшчы. Потым пачалася савецка-польская вайна… 

У 1921 годзе Беларусь падзялілі на дзве часткі: савецкую і польскую. І там, і там бел-чырвона-бел сцяг быў пад забаронай. Тым не менш яго выкарыстоўвалі і ў Заходняй Беларусі, і ў БССР. У Заходняй Беларусі пад гэтай сімволікай адбываліся дэманстрацыі працоўных, яго выкарыстоўваў незалежніцкі і сацыялістычны рух, нават КПЗБ, не кажучы пра астатнія беларускія партыі: БСРГ і БХД. Цікавы факт: ва Усходняй Беларусі, сімвалам канферэнцыі па правапісу 1926 года было бел-чырвона-белае сонца з шасцью бел-чырвона-белымі промнямі. Да таго ж сімволікай Беларускага параходства выкарыстоўвалі белы сцяг з чырвоным ромбам, і гэта нягледзячы, што сам сцяг быў строга забаронены ў той час.

Падчас нямацка-фашысцкай акупацыі сцяг неафіцыйна выкарыстоўвалі арганізацыі, якія падначальваліся нямецкаму камандаванню. Да таго часу, бел-чырвона-белы сцяг, налічваў, як мінімум, 25-30 гадоў. Пасля вайны – зноў прыход савецкай улады, ізноўку забарона сімволікі. Бінга Саветаў –  стварэнне ў 1952 годзе вядомай нам сімволікі БССР, якая сёння выкарыстоўваецца афіцыйнай уладай як дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, да гэтага часу, сімволікай БССР быў проста чырвоны сцяг з серпам і молатам і надпісам БССР, герб быў амаль той жа, але з меншай колькасцю калоссяў і лёну, а да 1936 года, з надпісамі па-польску і на ідзіш (габрэйская мова). 

Да перабудовы (1985 год), за выкарыстанне сапраўднага беларускага сцяга можна было б  страціць працу, а то і трапіць у турму для дысідэнтаў. Але ж і зараз не лепш… 

Сапраўдны трыумф нацыянальнай сімволікі ў найноўшай гісторыі адбыўся ў 1991-95 гадах, у першы перыяд Незалежнай Беларусі, тады бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” сталі дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь!  Але сцягу зноў не пашанцавала… У 1994 годзе галоўную пасаду ва ўладзе заняў чалавек з настальгіяй па савецкай імперыі – дзяржаўная сімволіка раптоўна змянілася.    

Будзем спадзявацца, што сапраўдная спрадвечная беларуская сімволіка не знікне з памяці грамадства і хутка прыйдзе той дзень, калі яна ўрачыста ўзнясецца на пастамент нацыянальных дзяржаўных сімвалаў Беларушчыны! Інакш і быць не можа. 

Дажывем да гэтых лепшых часоў!   

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.