Спачатку ўрачыстасці — пасля затрыманні. Дзень Волі-2019 у фотаздымках

Адно з галоўных святаў Беларусі — Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 г., свядомыя беларусы сёлета адзначалі 3 дні.

Не абышлося без эксцэсаў.

Першая акцыя стартавала ў Гродна 23 сакавіка. І гэта сімвалічна — 100 гадоў таму менавіта гэты горад стаў сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасці.

Святочная імпрэза прайшла ў Каложскім парку, дзе адгрымеў вялікі канцэрт і мітынг. На сцэну выйшлі гурты — Nizkiz, Зміцер Вайцюшкевіч, Крама, Дай дарогу!, Лявон Вольскі, Dzieciuki.

Акцыя была дазволена мясцовай уладай і праходзіла пры падтрымцы арганізатараў Дня Волі-2018 ў Мінску. Фотаздымкі незалежных СМІ:

 

Другая акцыя адбылася 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы. Тут прайшоў канцэрт-мітынг да Дня Волі, арганізаванымі апазіцыйнымі палітычнымі партыямі. У музычнай частцы імпрэзы выступілі гурты KaS, Няхай, РСП, Дай дарогу, НРМ.

На жаль, у Мінску не абышлося без затрыманняў. Гвалтоўна быў затрыманы моладзевы палітык Зміцер Дашкевіч. Прычынай затрымання стаў яго выступ на мітынгу з крытычнай ацэнкай афіцыйнай улады.

Нарэшце, 25 сакавіка Мінск зноў стаў цэнтрам супраціву і пераследу. Лідарам апазіцыйных палітычных партый не дазволілі прайсці са сцягамі і кветкамі ад Кастрычніцкай плошчы да будынка, дзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Затрыманні патэнцыйных удзельнікаў акцыі пачаліся адразу. Так імгненна быў затрыманы лідар АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Руха Салідарнасці “Разам” Алена Талстая, таксама затрымлівалі людзей, якія былі пазначаны бел-чырвона-белай сімволікай.

Вядомыя беларускія музыкі — Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Павел Аракелян — збіраліся павіншаваць мінчукоў з Днём Волі вулічным канцэртам. Іх затрымалі, як толькі яны дасталі музычныя інструменты. Пасля 21 гадзіны з’явілася інфармацыя, што музыкаў вызвалілі з міліцыі.

Святу — быць! Зраніцы 25 сакавіка стартаў флэшмоб — свядомыя беларусы вывешвалі на вокнах сваіх кватэр бел-чырвона-белыя сцягі.


А 21 гадзіне ў многіх кропках Мінску, а таксама ў некаторых іншых мясцінах краіны ў гонар 101-годдзя абвяшчэння БНР, запускалі святочныя салюты.

Апроч таго, Дзень Волі адзначалі ў некаторых іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Кіеве, Вільне, Варшаве, Нью-Йорку.

Такім стаў Дзень-Волі-2019! Якім гэты дзень будзе ў наступным годзе — залежыць ад кожнага з нас!

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.