Што не так з рэканструкцыяй гарадзенскага Старога замка?

Рэканструкцыя каралеўскага замка Стэфана Баторыя ў Гродна працягвае выклікаць вялікія спрэчкі ў навуковых колах. У гісторыкаў узнікаюць новыя і новыя пытанні да праекта архітэктара Уладзіміра Бачкова.

Нагадаем, у цяперашні час актыўна вядуцца працы па рэканструкцыі Старога замка згодна праекта сталічнага архітэктара Бачкова. На тэрыторыі старажытнага комплекса поўным ходам ідзе першы этап рэканструкцыі – спачатку плануецца аднавіць браму, галерэю паміж ёй ды палацам, вежу. Другі этап палягае ў непасрэднай рэстаўрацыі палаца, трэці — ва ўзнаўленні сценаў над Нёманам і інфраструктуры ўнутранай тэрыторыі. Паводле задумкі Бачкова, замак мусіць атрымаць выгляд, як у часы Стэфана Баторыя. Між іншым, тагачасны выгляд — гэта канец 16 стагоддзя, адметны гістарычны перыяд, час пад’ёму і развіцця нашай магутнай дзяржавы ВКЛ, супрацьстаяння і перамогі над маскоўскім тыранам Іванам Жахлівым. Будаваў гэты замак вядомы італьянскі архітэктар Санці Гучы. 

Такім замак вядомы нам з гравюры 1600 года:

     

Вось як парталу news.tut.by у даволі пазітыўным змесце каментуе ідэю праектнай рэканструкцыі Юрый Кітурка, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея:  

— Реконструкция Старого замка — это отнюдь не фантазии одного минского архитектора, а работа целого института с огромным количеством отсылок к различным монументальным работам и справочникам. Владимир Бачков придерживается такого постулата: реставрировать Старый замок надо в ренессансном стиле и сделать его таким, каким он был при Гуччи. Конечно, без точных обмеров любая реставрация подобного плана будет иметь какие-то допущения и неточности. Но у Бачкова есть хорошая база: во-первых, система координат Гуччи, во-вторых, — гравюра 1600 года, где, пусть и схематично, но виден замок.

Аднак з праектам рэканструкцыі катэгарычна не згодны многія гісторыкі, сярод якіх Мікола Волкаў, кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі нацыянальнай акадэміі навук. Вось яго пазіцыя, прадстаўленая на старонцы ў Фэйсбук:

“Пакуль мы перажывалі за галерэю паміж брамай і палацам, зусім побач на значнай плошчы знішчылі археалагічныя слаі 12-14 стст., пазаганяўшы дзесяткі бетонных свай для будаўніцтва выдуманай Бачковым “камяніцы”. Прыдумаў гэты фантом ён даўно. На падставе крыніц у 2015 г. я давёў, што побач зь вежай нічога падобнага не было, а пры Баторым узьвялі толькі лесвіцу памерам 5х5 м. Бачкова мая пісаніна не пераканала, і ён загадаў археолагам абкапаць перыметр “камяніца”. Падмуркаў не знайшлі. Тады таленавіты архітэктар прыдумаў, што гэта быў нейкі хітры драўляны будынак без падмуркаў. Але Гучы, са слоў Бачкова, хацеў пабудаваць мураваны, таму “аднаўляць” трэба менавіта мураваны.

Цяпер гэтую фантазію будуюць. Гэта будзе стылізацыя пад “замак Баторыя” з рознымі “спальнямі чыноўнікаў” і г.д. І па ёй будуць вадзіць турыстаў і расказваць, што гэта “замак Баторыя”. А побач будзе стаяць вежа, паднятая Бачковым на адзін паверх. І ў будучым у кнігах пра замак мы будзем пісаць, што лазьня Баторыя была на 2-м паверсе, а архітэктар запіхнуў яе на 3-і. І вокнаў Бачкоў паробіць болей і не ў тых месцах і пакоі будуць не такія, але гэта дробязі для генія. Весела будзе экскурсаводам вадзіць турыстаў па гэтым будынку. Давядзецца, напэўна, камусьці пісаць альтэрнатыўную гісторыю замка. Такі вось помнік “беларускай школе рэстаўрацыі”. 

Аб тым, што варта рабіць далей, каб выратаваць Стары замак, спадар Волкаў піша наступнае:  

“Прайшло ўжо без малога 3 гады, як я спрабую давесьці, што праект рэканструкцыі замка аўтарства У. Бачкова — гэта наўпроста вар’яцкая фантазія без ніякай апоры на крыніцы і без разуменьня гістарычнай прыроды помніка. Але цяпер рэалізуецца 1-я чарга па праекце Бачкова: на браме і галерэі будуюцца па адным лішнім паверсе, пра якія ня ведаюць крыніцы, вежа “над Нёманам” мусіць мець не 3 паверхі, як напісана ў інвентарах, а 4, як захацелася Бачкову, а побач з ёй увогуле ўсадзяць здаравенны будынак-“камяніцу”, якога там ніколі не было. Нібыта Бачкоў “і кампанія” мусяць трыумфаваць, бачачы, як рэалізуецца іх фантазія. Але не ўсё для іх так добра, і так дрэнна для нас і помніка.

Самае важнае, чым можна ганарыцца — гэта тое, што нам удалося адстаяць адну з аўтэнтычных частак замка — другі паверх прыбудовы да брамы першай паловы 17 ст.

У “інфармацыйнай вайне” мы, падаецца, змаглі дасягнуць пэўнай перавагі, што змушае Бачкова “і кампанію” больш асьцярожна дзейнічаць на помніку. Для мяне відавочна, што каб не нашая ўвага, значна больш аўтэнтычнай цэглы і археалогіі з замку проста паехала б на звалку. Крыніца гэтай перавагі найперш у тым, што нашыя аргументы Бачкоў “і кампанія” ніяк не могуць аспрэчыць, бо за імі няма навукі і сумленнага стаўленьня да помніка, адно амбіцыі і грошы. На чым яны трымаюцца, дык гэта на прыгожай карцінцы замка “як у Яўропе”, на што вядзецца шмат наіўных людзей.

Самае галоўнае, на што хацеў зьвярнуць увагу – гэта час. Справа ў тым, што цяпер рэалізуецца 1-я чарга рэканструкцыі, а за ёй яшчэ некалькі і ўвесь працэс перабудовы Старога замка расьцягнецца на дзесятак гадоў. І кожная наступная чарга такая ж недарэчная, як папярэдняя. Пры гэтым ў нас ёсьць час абдумаць наступныя крокі і назьбіраць матэрыял, каб супрацьстаяць гэтаму вар’яцтву. Таму час нам на руку і я веру, што мы зможам дасягнуць яшчэ многага, каб захаваць помнік”. 

Так выглядае той самы праект Бачкова ў мініяцюры, макет прадстаўлены ў Мірскім музеі: 


Тым часам працэс рэканструкцыі палаца Баторыя больш пільна пачалі адсочваць чыноўнікі з Міністэрства культуры. Напрыканцы красавіка сюды завітаў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, які на месцы ацэньваў працы ды правёў адмысловую нараду. Яго каментар афіцыйным СМІ:    

— Такого рода встречи, обсуждения и совещания на объектах позволяет нам наиболее приемлемые решения, которые позволили бы найти компромиссные выходы из ситуации при максимальном сохранении исторического облика здания, вдохнуть в него новую функцию, приспособить под новые элементы экспонирования, под музейную функцию под хозяйственные нужды. То, что позволит объекту жить и достойно представлять нашу историю.

Відавочна, гэта наўпрост каментарый. Ці прыслухаецца Мінкульт да пазіцыі Інстытута гісторыі нацыянальнай акадэміі навук, аб чым даводзіць гісторык Мікола Волкаў? Пакуль бачна адно — не спяшаецца. 

Фотафакт: будаўнікі разбіраюць частку старажытнай галерэі (тое, што злучае браму і палац) і кладуць па ёй новыя скляпенні, працы ідуць паводле праекта Бачкова:

Відавочна, аднаўленне старажытнага палаца Баторыя даволі значная і важная падзея не толькі для Беларусі, але і для ўсяго еўрапейскага кантынента. Якім ён будзе па выніку – залежыць не толькі ад сумлення рэстаўратараў і актыўнасці неабыякавых гісторыкаў, але і ад нашай агульнай увагі! 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.