На днях я зрабіў цікавую вандроўку — у нашу старажытную і цудоўную Гародню!
Яе па праву можна лічыць сталіцай Заходняй Беларусі і выбітным каралеўскім месцам. Калісьці, у даваеннай Польшчы, найгалоўным горадам Заходняй Беларусі лічылася Вільня. На жаль, мы згубілі Вільню. Але і Гародня (цяпер афіцыйная назва — Гродна) вельмі цікавы горад, дзе на кожным кроку можна сустрэць рэшткі і цэлыя кварталы старых часоў. Тут найбольш за іншых гарадоў краіны захавалася старая забудова, старыя касцёлы і кляштары. Хаця час бязлітасна прайшоў і па Горадні. Варта ўзгадаць і нядаўную “рэканструкцыю” Горадні…
Прыехалі ў Горадню каля двух гадзін дня. Спачатку нашая група паснедала ў рэстаране, размешчаным у камяніцы XVIII стагоддзя, што ў парку Жылібера. Дарэчы, назва парка старажытная і лепшая, чым назвы кшталту парка Горкага. Потым пачалася экскурсія. Я з цікавасцю даведаўся, што на месцы, палаца Тызенгаўза, у тым жа парку, цяпер вечны агонь і помнік воінам, якія ў гады Другой сусветнай вайны вызвалілі горад. Безумоўна, я за тое, каб палац быў адноўлены. Але дзе? Помнік жаўнерам і магілы ніхто не дасць перанесці, альбо будзе скандал, як у Таліне з “Бронзавым жаўнерам”.
Таксама, безумоўна, трэба аднавіць палац Радзівілаў,што на Савецкай плошчы, Ратушу, а таксама знакамітую Фару Вітаўта, на месцы якой цяпер сквер. Я лічу, сам храм трэба аднавіць і, менавіта, як каталіцкі касцёл (праваслаўныя на Фару Вітаўта маюць меншыя правы). А знак паставіць перад адноўленым храмам, як напамін пра тое, што падобныя руйнаванні не павінны паўтарацца. Увогуле ў Гародні можна аднавіць шмат чаго. Напрыклад, на месцы касцёла дамініканцаў цяпер помнік маршалу Сакалоўскаму. Можна аднавіць касцёл, а помнік перанесці на тую ж Савецкую плошчу. Кармеліцкі касцёл перабудаваны ў банк, але ж яму варта вярнуць яго былы выгляд і прызначэнне ў якасці касцёла.
Але які сорам, што па сённяшні час калонія строгага рэжыму размяшчаецца не дзе-небудзь, а ў іезуіцкім кляштары XVII-XVIII cтагоддзя, наўпрост у цэнтры горада! Няўжо ж улады Гародні не могуць знайсці іншага прызначэння для славутага кляштара? Відавочна, што у гэтым гістарычным кляштары павінен быць музей, ці ўніверсітэт, ці ў крайнім выпадку гатэль, але не турма! Побач касцёл – перліна архітэктуры…
Ад сядзібы Аўгустава засталася, на жаль, адна карчма, а ад сядзібы Панямунь толькі капліца і занядбаны будынак сядзібы. У лепшым стане толькі сядзіба Станіславава. У сядзібе знаходзіцца Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
Што яшчэ да руйнаванняў, дык шкада вакзал, які знішчылі яшчэ ў 1970-я гады. Там быў цікавы гмах. Ад вакзальнага комплексу засталася толькі вялікая пляцоўка.
Не магу не сказаць і аб рэстаўрацыя Старога замка, якой я цалкам незадаволены. Па-першае, уражанне што ўлады Горадні і Беларусі, не з таго пачалі. Вось калі б яны аднавілі які-небудзь з пералічаных вышэй аб’ектаў, то мы былі бы толькі ўдзячны. Ці, напрыклад, адчысцілі б Новы замак, які знаходзіцца побач са Старым ад мішуры і артэфактаў часоў Сталіна. Вярнулі б Новаму Замку выгляд часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Па-другое, са Старым Замкам гісторыя складаней… Яго бы лепш пакінулі такім, які ён ёсць. Я лічу, што “айцам горада” і “рэстаўратарам”, трэба было б пайсці па еўрапейскаму шляху і максімальна захаваць слаі розных перыядаў да XX стагоддзя, яны ж усе складаюць каштоўнасць! Добрым прыкладам можна лічыць замак у Варшаве, дзе аднавілі чатыры перыяда: готыку, рэнесанс, барока, ды класіцызм. Вядома і хто “рэстаўруе” Стары замак у Гародні. Гэта будаўнікі з арганізацыі «Гроднажылбуд», якая спецыялізуецца зусім не на рэстаўрацыі, а на пабудове тыпавых дамоў. Цяпер яны пашыраюць вокны на другім паверсе, разбіраюць частку сцяны XVII стагоддзя. Да гэтага часу рабочыя знялі частку галерэі XVII стагоддзя. Дарэчы, гарадзенскі гісторык, Мечыслаў Супрон лічыць, што будаўнікі разбіраюць усе надбудовы, якія з'явіліся пазней за XVI стагоддзя. Паводле «Гроднажылбуд», будаўнікі разбіраюць зводы быццам бы аварыйнай галерэі XVII ст. Але хіба яна аварыйная ды не падлягае аднаўленню?..
Яшчэ з непрыемнага. Нядаўна ў Гродна згарэў стары піўзавод. Але 2/3 гэтага згарэўшага корпусу піўзавода — захаваўшаяся да нашых дзён частка палаца Сапегаў — Агінскіх, які быў пабудаваны яшчэ ў XVII стагоддзі. Гэта адзін з 2 палацаў, якія захаваліся на Гарадзенскім Падоле. Што будзе далей з палацам — не вядома. Гэты палац не трэба блытаць з яшчэ адным палацам Сапегаў, які быў пабудаваны ў 1795 годзе. Яго ў 1970-х гадах непазнавальна перабудавалі для гарадскога Савета народных дэпутатаў. Ці можна вярнуць першы выгляд гмаху? Хацелася б, каб нехта ўзяўся за сапраўдную рэканструкцыю гэтых архітэктурных помнікаў Сапегаў!
Нарэшце, распавяду што ж спадабалася. У старадаўняй Барысаглебскай, ці Каложскай царкве, замест трухлявай драўлянай сцяны XIX cтагоддзя, зусім нядаўна, усталявалі новую сцяну з сайдынгу. У Каложскай царквы ўнікальная і старадаўняя гісторыя. Гэта царква яшчэ ажна ХІІ стагоддзя, адна з двух цэркваў ХІІ стагоддзя ў Беларусі. Другая царква 12 стагоддзя ў Беларусі — гэта Спаса-Еўфрасіньеўская царква ў Полацку. На жаль, ад гэтага ўнікальнага помніка раманскай і візантыйскай архітэктуры, яшчэ ў ХІХ стагоддзі адвалілася і абрынулася ў Нёман палова сцяны… Помнік ледзь не загінуў. Вырашылі палову сцяны зрабіць драўлянай. У такім выглядзе яна і дайшла да сённяшняга часу. Спадзяемся, што царква прастаіць яшчэ шмат і шмат стагоддзяў. Усім раю паехаць у Гародню з турыстычнымі экскурсіямі, там цікава!