“БЕЛАЗ-ФЭСТ” ці “Vulitsa ezha”? На якое мерапрыемства вы б пайшлі — паглядзець рэтра выставу і паслухаць папсовых музыкаў, альбо смачна паесці сярод прыгожых кветачак і рэдкіх раслін? Нам пашанцавала наведаць абодва і зрабіць адмысловыя фотарэпартажы!
Лета ў самым разгары, і хоць надвор’е не спрыяе купанню і прыняццю сонечных ваннаў, варыянты, як правесці ўікэнд актыўна, усё ж такі ёсць. На гэтых выходных адбылося адразу два летніх фэста: ужо знаёмая менчукам і гасцям сталіцы “Vulitsa ezha” і “БЕЛАЗ-ФЭСТ” у Жодзіна. Дзве імпрэзы з цалкам рознымі настроямі, адпаведна, з дзвюма цалкам рознымі аўдыторыямі.
Паехалі!
“Vulitsa ezha” па традыцыі праходзіла ў Батанічным садзе, у атачэнні дэкаратыўных кветкавых калекцый, дрэў і прыгожаквітнеючых хмызнякоў.
“Белаз-ФЭСТ” размясціўся на пляцоўцы перад ДК “БелАЗ” і прылеглым скверы, алеі ды паркоўкі.
Параўноўваць фуд-корды мы нават не будзем спрабаваць, бо “Vulitsa ezha” па сваёй сутнасці — гэта вялікі гарадскі пікнік, які аб’ядноўвае топавыя ўстановы з вулічнай ежай, то бок спаборнічаць з ім у гэтым цяжка. Тут без перабольшанняў кожны знойдзе пачастунак сабе да густу.
Вось як пішуць на сайце гэтага мерапрыемства:
“Тут збіраюцца лепшыя стрытфуд праекты і топавыя шэф-кухары, а госці даведаюцца пра лакальныя гастранамічныя трэнды. Якасныя прадукты, нязвыклыя спалучэнні і хуткая падача — гэта рэальнасць, якую мы хочам паказаць нашым гасцям тут і цяпер. Дзякуючы VULITSA EZHA можна ў адным месцы ўсяго за адзін уікэнд пазнаёміцца з рознымі кухнямі, паспрабаваць унікальныя стравы і развіць свой гастранамічны далягляд”.
На “БЕЛАЗ-ФЭСТ” з ежай усё было значна прасцей. Асартымент прадстаўлены класічнымі сасіскамі ў цесце, шашлыком, бяляшамі, бульбянымі чыпсамі і марожаным. Было таксама некалькі фуд-тракаў з хот-догамі, шаўрмой і намёт з пловам.
З напоямі сітуацыя аналагічная. На “Vulitsa ezha” былі прадстаўнікі самых папулярных брэндаў, былі алкагольныя і безалкагольныя, піва і кактэйлі, кава і ліманады. На “БЕЛАЗ-ФЭСТ” гэта ў асноўным піва і кіслародныя безалкагольныя кактэйлі, сокі.
Відовішча
“БЕЛАЗ-ФЭСТ” праходзіў у стыле рэтра, таму відовішча былі адпаведныя: выстава рэтра аўтамабіляў, рэтра квэст са складваннем шапак з часопісаў і завязваннем піянерскіх гальштукаў, фотазонамі з персанажамі эпохі 90-х.
На “Vulitsa ezha” набор відовішчаў быў больш разнастайным: дэгустацыі, інтэрактывы, лекцыі і майстар-класы з прыемнымі сюрпрызамі, вулічны кінатэатр для прагляду займальных кінастужак і яркіх мультфільмаў пад адкрытым небам, запісы падкастаў у прамым эфіры, пляцоўка, на якой вядомыя калекцыянеры пласцінак дэманструюць свае скарбы. Там нават можна было пастрыгчыся і ажаніцца!
А што з музыкай?
На мінулых пікніках “Vulitsa ezha” на галоўнай сцэне заўсёды выступалі самыя яскравыя пачынаючыя і ўжо добра ўсім вядомыя беларускія гурты. У гэтым годзе тут была кінасцэна з легендарнымі канцэртамі і live-шоу сусветна вядомых выканаўцаў на вялікім экране і музычным квізам.Таксама можна было патанчыць пад дыджэй сэт на пляцоўцы ат “Яндекс Еда” ці на дэнс-атракцыёне ад МТБ-банка.
На “БЕЛАЗ-ФЭСТ” музыка таксама была ў стыле рэтра. Спачатку са сцэны гучалі “Руки вверх”, “Отпетые мошенники” і песні з вядомых савецкіх кінастужак. А хэдлайнерамі мерапрыемства сталі гурт “Дюна» і Ірына Сенчукова.
Для дзяцей на пляцоўцы ДК “БелАЗ” былі размешчаны батуты і намёты са спаборніцтвамі па паяданню печыва на час, а таксама з дроцікамі, якімі трэба лопаць паветраныя шары.
На тэрыторыі пікніка “Vulitsa ezha” была створана вялікая дзіцячая гульнявая прастора ад “Мамслёт” з канструктарамі, гульнятэкамі і relax-зонай для бацькоў.
На абодвух мерапрыемствах можна было набыць памятныя сувеніры. На “БЕЛАЗ-ФЭСТ” гэта былі мадэлі аўтамабіляў, адзенне і аксэсуары з фірмовым лагатыпам “BELAZ”, мяккія цацкі, паветраныя шары, упрыгожванні, вырабы ручной працы.
А на “Vulitsa ezha” працавалі Local Food Market з фермерскай прадукцыяй: выпечкай, сырамі, хлебам, джэмамі і іншымі смачнымі вырабамі ручной працы і дызайнерскі “Горошек маркет” з незвычайнымі штучкамі ад рамеснікаў.
Вось такія з аднаго боку падобныя адзін да аднаго і адначасова зусім розныя фэсты адбыліся на гэтых выходных. Варта адзначыць, што абодва з іх знайшлі сваіх прыхільнікаў, “Vulitsa ezha” гэта атрымалася зрабіць нягледзячы на дождж.
Такія радасці ў нашых беларусаў. “Альтэрнатыва” жадае ўсім вам насычанай і нясумнай другой паловы лета! Знаходзьце час адпачываць, няхай усё будзе супер добра!
“Абодва з іх знайшлі сваіх прыхільнікаў, “Vulitsa ezha” гэта атрымалася зрабіць нягледзячы на дождж” – но на ваших фотках немноголюдно, особенно в минском парке